Горадня: актывістаў Саюзу палякаў зноў выклікаюць у міліцыю

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні заснавальніка і былога кіраўніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна выклікалі ў міліцыю па тэлефоне. Ён адмовіўся зьявіцца бяз позвы, і яму паабяцалі яе даслаць. Зь якой нагоды яго выклікаюць, спадару Гавіну не патлумачылі.
Сёньня міліцыянты даставілі позву на кватэру Анжалікі Борыс — кіраўніка не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў. Але ўручыць ёй асабіста яны ня здолелі, бо яна знаходзіцца ў Польшчы. Спадарыню Борыс абавязваюць зьявіцца ў Ленінскі райаддзел Горадні 29 верасьня.

Заўтра ў 14.30 у Кастрычніцкім раённым судзе Горадні паўторна разгледзяць адміністрацыйную справу яшчэ аднаго актывіста СПБ — Мечыслава Яскевіча. Нагадаем, што 22 жніўня судзьдзя Зінаіда Барцэвіч не знайшла правапарушэньня ў ягоных дзеяньнях. Паводле міліцэйскага пратаколу, ён нібыта перашкаджаў рабоце здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, што прыехала фільмаваць ускладаньне кветак да магілаў польскіх жаўнераў на гарадзенскіх вайсковых могілках. Аднак абласны суд адмяніў гэтае рашэньне і накіраваў справу на новы разгляд.