Чаму праекты менскага офісу АБСЭ пад пагрозай зрыву?

Уладзімер Глод, Менск На сёньня ніводзін з праектаў на 2006 год, пра сумесную рэалізацыю якіх дамаўляліся офіс АБСЭ ў Менску і беларускі ўрад, ня выкананы. Пра гэта заявіў у Вене на паседжаньні Сталай рады АБСЭ кіраўнік менскага офісу Акэ Пэтэрсан.
У мандаце менскага офісу дакладна запісана: любы з праектаў, які ажыцьцяўляецца пад эгідай гэтай міжнароднай установы, абавязкова мусіць узгадняцца зь беларускім урадам. Аднак, як адзначаў у Вене спадар Пэтэрсан, "рэалізацыя праектаў знаходзіцца пад пагрозай з-за працяглай працэдуры ўзгадненьня і рэгістрацыі".

Намесьнік кіраўніка менскага офісу доктар Ваграм Абаджан гаворыць: на 2006 год заплянавана ажыцьцявіць дзевяць сумесных акцыяў, пра што існуе двухбаковая дамоўленасьць:

(Абаджан: ) "Працэдура наступная -- беларускі бок прапануе свае праекты, мы -- свае. Іх абмяркоўваюць, адбіраюць самыя значныя, па якіх мы дасягаем згоды".

Спадар Абаджан цьвердзіць, што цяпер паўтараецца мінулагодняя сытуацыя:

(Абаджан:) "Летась, прыкладам, два праекты былі зарэгістраваныя толькі ў другой дэкадзе сьнежня. Мы іх не змаглі фінансаваць, паколькі у нас існуюць свае, незалежныя ад офісу, адміністратыўныя і тэхнічныя правілы".

Узьнікае пытаньне: чаму ж прадстаўнікі шэрагу беларускіх міністэрстваў фактычна адмаўляюцца ад грошай з фондаў АБСЭ? Беларускія чыноўнікі адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю пад дыктафонны запіс. А калі падсумаваць тое, што яны гавораць пры ўмове інкогніта, дык галоўная прычына -- комплекс страху. За супрацоўніцтва з міжнароднымі структурамі не пахваляць, а непрыемнасьці нажыць лёгка.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла гаворыць, што рэзка адмоўнае стаўленьне да вядомых міжнародных арганізацыяў, якое культывуецца ў беларускім грамадзтве з самага верху, падказвае чыноўнікам: ад "усялякіх" АБСЭ зь іх прапановамі лепш трымацца далей:

(Паганяйла: ) "Два гады нам не ўзгадняюць ніводнага праекту. Мабыць, ёсьць сьпіс непажаданых арганізацыяў, у лік якіх патрапіў і БХК".

У менскім офісе АБСЭ пацьвердзілі: сапраўды, прапановы пра сумесныя праекты з удзелам БХК ёсьць, але ўлады гэтую ініцыятыву не падтрымліваюць.