Кіраўніка вэртыкалі ў Янаве могуць зьняць з пасады

Радыё Свабода На паседжаньні Берасьцейскага аблвыканкаму пастанавілі хадайнічаць перад Аляксандрам Лукашэнкам, каб той зьняў з пасады старшыню Іванаўскага райвыканкаму Мікалая Лук’янчука.
Нагодай для магчымай адстаўкі кіраўніка раённай вэртыкалі стала наведваньне супрацоўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі некаторых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Асабліва шмат заўвагаў было наконт упарадкаваньня вёскі Моталь, дзе мусіць зьявіцца аграгарадок.

Як было адзначана падчас паседжаньня аблвыканкаму, кіраўніцтва Іванаўскага раёну не зрабіла ніякіх высноваў, а становішча не было выпраўлена і пасьля візыту прэзыдэнцкіх інспэктараў.

Гэта пакуль першы на Берасьцейшчыне выпадак, калі кіраўнік раённай вэртыкалі можа пазбавіцца пасады за хібы ў выкананьні так званай праграмы адраджэньня вёскі й стварэньня аграгарадкоў.