“Нядаўна шмат было крыку аб тым, каб куплялі білеты так званай даляровай лётэрыі” (1926)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 20 верасьня.
“Сялянская ніва”, 1926 год:

“Нядаўна шмат было крыку аб тым, каб куплялі білеты так званай даляровай лётэрыі. Дык паслухайма, як разыгрывалі гэныя лётэрыі… Дзякуючы дзіўнаму зыходу абставінаў, дзьве галоўныя выгранкі сёлетнія, 40 тыс. і 8 тыс. даляраў, лучылі на білеты, скупленыя паўурадоваю ўстановаю блізкаю да гаспадарсьцьвеннай (дзяржаўнай) лётэрыі. У мінулыя гады галоўныя выгранкі палі на білеты не прададзеныя”.

“Рабочий”, 1936 год. Водгукі на заканчэньне будаўніцтва ў Менску Дому Чырвонай арміі:

“Дом Чырвонай арміі ў Менску зьяўляецца выдатным цэнтрам змаганьня за сацыялістычную культуру ня толькі для камандзіраў і байцоў Чырвонай арміі, але і для лепшых людзей нашай сталіцы. Мы радуемся гэтаму набыцьцю. Мы будзем тут ня толькі гасьцямі, але й самымі актыўнымі работнікамі. Прывітаньне будаўнікам гэтага цудоўнага дому! Пісьменьнікі Беларусі: А.Александровіч, М.Лынькоў, І.Харык, П.Броўка”.

“Имя”, 1996 год:

“Вынікі дасьледаваньня службы вывучэньня грамадзкай думкі “Независимой газеты” і фірмы “Скарына”. У сьпісе — 50 вядучых палітыкаў Беларусі за жнівень. Вось як выглядае першая дзясятка: Аляксандар Лукашэнка, Сямён Шарэцкі, Васіль Новікаў, Уладзімер Замяталін і Міхаіл Мясьніковіч, Зянон Пазьняк, Станіслаў Багданкевіч, Сяргей Калякін, Віктар Шэйман, Аляксандар Бухвостаў”.