Мінюст пагражае ПКБ прыпыненьнем дзейнасьці

Радыё Свабода, Менск Мінюст разглядае пытаньне аб прыпыненьні дзейнасьці апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай. Аб гэтым паведаміла прэсавая служба ведамства. Прычынай называецца непрадстаўленьне партыяй зьвестак аб яе сябрах. За гэта ў верасьні партыя ўжо атрымала афіцыйнае папярэджаньне Мінюста.
Сакратар ЦК ПКБ Валеры Ухналёў на гэта зазначыў, што апошняе папярэджаньне будзе днямі абкарджанае ў Вярхоўным судзе, паколькі патрабаваньні Мінюста прадставіць сьпіс сябраў партыі ЦК ПКБ лічыць незаконнымі.

(Ухналёў : ) “Мы ведаем, для чаго гэта робіцца, таму што тых нашых сябраў, якія вядомыя ўладам, наш актыў, іх выклікалі ў выканкамы, на іх ціснулі на месцы працы, у нас ёсьць такія прыклады, што ад іх вымагалі напісаць заяву пра выхад з нашай партыі”.