Беларускія апазыцыянэры сустрэліся са сьпікерам Кангрэсу ЗША

Радыё Свабода У сустрэчы са сьпікерам Дэнісам Гастэртам і ўплывовымі кангрэсмэнамі рэспубліканцамі Эрыкам Кэнтарам і Адамам Патнамам, якая праходзіла ў Вільні, бралі ўдзел Аляксандар Мілінкевіч, а таксама лідэры партыі БНФ Вінцук Вячорка, АГП Анатоль Лябедзька і ПКБ Сяргей Калякін,а таксама жонка Аляксандра Казуліна Ірына.
Як паведаміў нашаму радыё Вінцук Вячорка, лідэры беларускай апазыцыі распавялі сьпікеру Кангрэсу Злучаных Штатаў пра пагрозы незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі. Яны абмяняліся думкамі, як далей можна спрыяць беларускай дэмакратычнай пэрспэктыве. Бакі пагадзіліся, што без функцыянаваньня альтэрнатыўнай інфармацыйнай прасторы дэмакратычная салідарнасьць беларусаў, што выявілася ў сакавіку сёлета, мае менш шанцаў разьвівацца.

Дэніса Гастэрта і ягоных калегаў цікавіла стаўленьне дэмакратычных сілаў да Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Сьпікер выказаў спадзяваньне, што гэты дакумэнт (які амэрыканскі парлямэнт ухваляў некалькі гадоў запар) да канца году пройдзе праз Кангрэс.

Сьпікер і амэрыканскія кангрэсмэны знаходзіліся ў Вільні праездам. Яны выказалі жаданьне сустрэцца з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам, а таксама з прадстаўнікамі аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.