У Менск прыляцела новая амбасадарка ЗША (фота)

Радыё Свабода Сёньня ў Менск прыбыла новая амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі Карэн Ст’юарт. За некалькі дзён да адлёту ў Беларусь яна мела размову ў Белым Доме наконт дачыненьняў ЗША й Беларусі. У Нацыянальным аэрапорце “Менск” новую кіраўніцу амэрыканскай амбасады сустракаў наш карэспандэнт.
Карэн Ст’юарт, як і яе папярэднік на пасадзе амбасадара ЗША ў Беларусі Джордж Крол, другі раз прыбыла на дыпляматычную працу ў Менск. Раней яна ўжо працавала тут намесьніцай амбасадара Майкла Козака. У аэрапорце Карэн Ст’юарт, апрача супрацоўнікаў амбасады, сустракалі журналісты незалежных беларускіх і замежных мэдыяў. Яна павіталася з усімі й падзякавала па-беларуску:

(Ст’юарт: ) “Я дзякую за сардэчную сустрэчу на беларускай зямлі. Для мяне гонар і задавальненьне працаваць у Беларусі амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Для мяне Беларусь — вельмі асаблівая краіна. Можа, хто з вас ужо ведае, што апошнія чатыры гады я зь вялікай радасьцю прысьвяціла працы зь Беларусьсю, спачатку як намесьніца кіраўніка амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў Беларусі, а потым як дырэктар аддзелу Дзярждэпартамэнту ЗША па справах Беларусі, Малдовы і Ўкраіны. Таму я вельмі радая вярнуцца ў гэтую краіну”.

Спадарыня Ст’юарт зазначыла, што чакае працы зь беларусамі, што будзе пераказваць погляды амэрыканскага народу і ўраду на сытуацыю ў Беларусі. Акрамя таго, Карэн Ст’юарт паведаміла, што даслоўна за некалькі дзён да адлёту ў Беларусь яна мела сустрэчы на высокім узроўні ў Белым Доме, дзе абмяркоўваліся дачыненьні ЗША й Беларусі:

(Ст’юарт: ) “Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша на самым высокім узроўні зазначылі мне яшчэ раз, што Злучаныя Штаты і надалей будуць надзейным сябрам беларускага народу, яны будуць стаяць побач зь беларусамі, пакуль беларусы працуюць над тым, каб вызначыць будучыню сваёй прыгожай краіны”.