Алесь Чыгір асуджаны на 10 сутак пазбаўленьня волі

Радыё Свабода Сёньня судзьдзя Бабруйскага гарадзкога суду Натальля Чарапуха вызначыла 10 сутак арышту дэпутату Бабруйскага гарсавету Алесю Чыгіру. Ён абвінавачваецца ў правядзеньні недазволенай акцыі 31 жніўня і непадпарадкаваньні ў гэты дзень супрацоўнікам міліцыі.
Нагадаем, што ў той дзень Алесь Чыгір прыкаваў сябе да слупу — ён пратэставаў супраць таго, што яму не падоўжылі працоўны кантракт. Настаўнік гісторыі Алесь Чыгір перакананы, што яго звольнілі са школы за актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Сёньня пасьля абвяшчэньня выраку Алесь Чыгір заявіў Радыё Свабода, што мясцовая ўлада асьцерагаецца акцыяў пратэсту на прэзыдэнцкім фэсьце “Дажынкі”, правядзеньня якога плянуецца 23 верасьня. “ Мяне ізалююць менавіта зь гэтай нагоды”, -- падкрэсьлівае Алесь Чыгір. Як дэпутат гарсавету ён кажа, што санкцыю на арышт даў пракурор Дудко.