Адміністрацыя турмы на Акрэсьціна ня вызваліла В.Сіўчыка

Радыё Свабода Выканаўца абавязкаў старшыні Менскага гарадзкога суду адмяніў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, паводле якога Вячаслаў Сіўчык быў пакараны 10-сутачным арыштам, і ўжо трэція суткі знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна. Жонка Вячаслава Сіўчыка Ганна і ягоныя сябры спрабуюць высьветліць, чаму ён дагэтуль зьняволены, — але безвынікова.
Ганна Сіўчык разам з сынам Вітаўтам і сябрамі мужа прыехала сёньня да спэцпрымальніка на вуліцу Акрэсьціна і перадала супрацоўнікам атрыманую ўчора копію судовага рашэньня. Выканаўца абавязкаў старшыні Менгарсуду спадар Турко вырашыў папярэдні прысуд адмяніць і перадаць справу Вячаслава Сіўчыка іншаму судзьдзі Цэнтральнага раёну.

Суд над Вячаславам Сіўчыкам, падчас якого ён абвінавачваўся ва ўдзеле ў несанкцыянаванам мерапрыемстве 22 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, праходзіў безь ягонага ўдзелу, а гэта ёсьць сур’ёзным парушэньнем адпаведнага артыкулу Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў.

Спадар Сіўчык сапраўды быў затрыманы ў намётавым лягеры на Плошчы, але са спэцпрымальніка яго даставілі ў шпіталь, бо ён скардзіўся, што быў моцна зьбіты. Пасьля ён знаходзіўся за мяжой, а тым часам 19 траўня судзьдзя Цэнтральнага райсуду Аляксей Бычко прыняў рашэньне аб адміністрацыйным арышце Вячаслава Сіўчыка на 10 сутак. 12 верасьня ён быў затрыманы ў цэнтры Менску і зьмешчаны на Акрэсьціна.

Ганна Сіўчык патрабавала ад міліцыянтаў выканаць рашэньне гарадзкога суду. Тыя казалі пачакаць гадзіну, потым яшчэ адну, потым яшчэ і яшчэ. Ганна напісала заяву начальніку гэтай установы,тэлефанавала ў міліцыю, суд, пракуратуру, але безвынікова. Празь некалькі гадзінаў чаканьня сябры й родныя арыштаванага апазыцыянэра ўбачылі машыну, што ўяжджала ў браму спэцпрымальніка. У яе салёне сядзеў Вячаслаў Сіўчык і падаваў нейкія знакі.

Гаворыць Ганна Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Гэта самае звычайнае бяспраўе. Калі людзей можна хапаць на вуліцы, не паведамляючы іхным родным і блізкім, што яны затрыманыя і знаходзяцца вось у гэтых установах. Больш за тое, людзі якія адказваюць за ўтрыманьне ў спэцпрымальніку, паводзяць сябе абсалютна дзіка. Таму што адказаць на элемэнтарныя пытаньні: ці знаходзіцца тут гэты чалавек, колькі часу ён тут будзе знаходзіцца, яны абавязаныя”.

У турме на Акрэсьціна паведамілі, што адміністрацыйная справа Вячаслава Сіўчыка будзе разглядацца ў Цэнтральным райсудзе ў панядзелак. Да суду яго будуць трымаць у спэцпрымальніку.