Магілеўская міліцыя адпусьціла актывістаў “Маладога фронту”. (абноўлены)

Любоў Лунёва, Менск Затрыманьне адбылося ў офісе арганізацыі “Малады фронт”. Міліцыянты ў Ленінскім аддзеле міліцыі зрабілі ператрус асабістых рэчаў. Затрыманую разам з маладафронтаўцамі фотакарэспандэнтку “Нашай Нівы” Юлію Дарашкевіч прымусілі сьцерці фотазапіс, зроблены ў часе затрыманьня. Міліцыянты патлумачылі, што здымаць твары байцоў спэцназу нельга. Сёньня ўвечары магілёўская міліцыя спыніла сход актывістаў “Маладога фронту”, затрымаўшы каля дваццаці чалавек, у тым ліку сустаршыню "Маладога фронту" Зьміцера Дашкевіча.
Алесь Буракоў, які знаходзіўся ў прыватным будынку, дзе адбываўся сход, распавёў нашаму радыё падрабязнасьці:

(Буракоў: ) “Прыблізна ў 17 гадзін у Магілёў прыехалі Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Лісічонак з Менску, а таксама карэспандэнт “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч. Нагодай было правядзеньне пасяджэньня абласной арганізацыі “Маладога фронту”, на якім мусілі зацьвердзіць новага старшыню. У 17.40 каля дзесятка спэцназаўцаў заляцелі на тэрыторыю прыватнага дому на той падставе, што нібыта суседзі патэлефанавалі 02 і паведамілі, што адбываецца бойка. Прычым суседзі сьцьвярджаюць, што яны нікому не тэлефанавалі і што ніякай бойкі тут не было… Затрыманыя прыблізна 20 чалавек, зь якіх палова непаўнагадовыя, усіх пасадзілі ў аўтобус ПАЗ і павезьлі ў Ленінскі РАУС горада Магілёва… Пад час затрыманьня ніхто не прадставіўся – ні чалавек у цывільным, ні спэцназаўцы.. У прынцыпе гэта быў налёт спэцназаўцаў, з размаху праз плот яны заскочылі ў двор… Людзі ж абсалютна спакойна сядзелі ў альтанцы на тэрыторыі прыватнага сэктару і проста размаўлялі. Міліцыя іх прымусіла пакласьці рукі на плечы адзін аднаму і такім ланцужком адвяла да аўтобуса. Юлію Дарашкевіч затрымалі за тое, што яна нібыта здымала міліцыянтаў, хаця яна і паказала сваё пасьведчаньне”.

Затрыманы сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч, які знаходзіцўся ў будынку міліцыі Ленінскага раёну ў Магілёве, паведаміў, што з імі размаўляў капітан міліцыі Ўладзімір Яблонскі. Паводле Зьмітра, міліцыянт казаў, што бліжэйшым часам будуць высьветляць асобы затрыманых. Ён казаў пра нейкую скрыню з тратылам.