“У рэпертуары джаза чамусьці пераважаюць малазмястоўныя лірычныя песенькі, прычым беларускія песні не выконваюцца” (1946)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 14 верасьня
“Сялянская ніва”, 1926 год. Пра экспэдыцыю Сержпутоўскага ў Арлоўскую і Бранскую губэрні й на Гомельшчыну:

“Прафэсар адзначае, што ўсе вёскі, будынкі, вопратка, побыт і мова насяленьня зьяўляюцца беларускімі. Украінскі ўплыў у мове, нават на самай мяжы з Украінай (рака Дзясна), зусім не адчуваецца… Далей прафэсар Сержпутоўскі спыніўся на вельмі цікавай групе насяленьня, якой у іншых частках Беларусі не сустракаецца. Гэтай групай зьяўляюцца казакі, якія ніколі пад прыгонам не былі. Іх вельмі мала, і яны гаворуць пабеларуску”.

“ЛіМ”, 1946 год. Музыказнавец Ізідар Нісьневіч піша:

“Некалькі слоў аб якасці канцэртаў, якія даюцца штатным калектывам Белдзяржэстрады — яе джазам. Тое, што давялося бачыць і чуць у час канцэртаў джаза ў парку імя Горкага, пакідае ўражанне няўдалага выступлення самадзейнасці. У рэпертуары джаза чамусьці пераважаюць малазмястоўныя лірычныя песенькі, прычым беларускія песні не выконваюцца. Калі да ўсяго гэтага дадаць безыдэйнасць праграмы, дык будзе зразумела неабходнасць… падрыхтаваць такі рэпертуар, які-б адпавядаў патрабаванням сённешнега дня ў ідэйна-мастацкіх адносінах”.

“Ніва”, 1956 год. Мікола Прашковіч пра жнівеньскую публікацыю Сакрата Яновіча:

“Не вытрымлівае ніякай крытыкі й сцвярджэнне Яновіча, што ў Вялікім княстве літоўскім “літоўцы захавалі свядомасць пануючай нацыі, зайздросна не дапускалі “рускіх” да адказных пасад, пагардліва называлі іх “гудаямі”. Усё гэта няпраўда, сябра Яновіч, фактаў, якія падмацоўвалі б Вашую думку, няма. Вядомы дзесяткі прыкладаў, калі беларускія феадалы займалі самыя высокія пасады ў дзяржаве”.