У Латвіі падтрымалі акцыю “Вялікі джынсавы фэст”

Любоў Лунёва, Менск У Латвіі пачаліся акцыі на знак салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй. Сябры правай партыі “Новы час” ладзяць марафоны ў майках з сымболікай “Вялікі джынсавы фэст 16 верасьня”. Марафоны адбудуцца ў розных гарадах краіны. На 16 верасьня заплянаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў.
У акцыях, якія адбываюцца ў розных гарадах Латвіі ўдзельнічаюць сыны былога палітвязьня Міхаіла Марыніча Ігар і Павал. Першая эстафэта-марафон адбылася 7 верасьня пад лёзугам: “Дэмакратыя супраць цынізму”. Ігар і Павал прыйшлі на акцыю ў майках з надпісам: “Вялікі джынсавы фэст”. Прэсавы сакратар “Новага часу” Дзіджыс Смітс – з бел-чырвона-белым сьцяжком. Гэты сьцяжок пранесьлі як эстафэтную палачку ад Рыгі да Вэнтспілсу. Ігар Марыніч паведаміў “Свабодзе”:



(Марыніч:) “Для нас акцыя Салідарнасьці з сем’ямі палітвязьняў мае вялікае значэньне. Дэпутаты Сэйму ад “Новага часу” былі першымі, хто напісаў ліст у падтрымку нашага бацькі, калі яго арыштавалі. Дэпутат Эўрапарлямэнту Алдзіс Кушкіс з’яўляецца намесьнікам Багдана Кліха ў дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях з Беларусьсю і аўтарам шматлікіх ініцыятываў у падтрымку нашай барацьбы. Напярэдадні “Джынсавага фэсту” латвійскія дэмакраты правядуць яшчэ некалькі эстафэт, а на 16 верасьня заплянаваныя сюрпрызы. Я толькі ведаю, што адным зь іх будзе трансляцыя “Песьняў Свабоды” на латвійскіх FM-станцыях”.



Уплывовая латвійская правая партыя “Новы час” і партыя “Беларускі народны фронт” 7 верасьня падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве.

Аляксандар Васільеў і Валеры Леванеўскі пасьля выхаду на волю былі ў Рызе на запрашэньне сяброў партыі “Новы час”.

Латвійскія партнэры распрацоўваюць праграму дапамогі беларускім палітрэпрэсаваным і іх сем’ям. Дзеці апазыцыянэраў, якія адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі, паедуць на аздараўленьне ў Латвію. Латвійскі ўрад прыняў рашэньне аб прыёме на вучобу студэнтаў, адлічаных у Беларусі за ўдзел у акцыях апазыцыі. Пакуль гэта 10 месцаў, але ў наступным годзе квота будзе павялічаная.