А.Лукашэнка прыняў міністра абароны Кітаю

Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыняў сёньня намесьніка старшыні Цэнтральнай вайсковай рады, міністра абароны Кітаю Цао Ганчуаня. Абодва бакі выказаліся за разьвіцьцё двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва.
Падчас сустрэчы кіраўнік Беларусі заявіў, што супрацоўніцтва з Кітаем мае стратэгічны характар і ў гэтым заслуга вайскоўцаў абедзьвюх краінаў. Лукашэнка падкрэсьліў, што Кітай і Беларусь дзейнічаюць на міжнароднай арэне на адных і тых жа пазыцыях, краіны прытрымліваюцца агульных крытэраў у ацэнцы міжнародных падзеяў. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, з Кітаем заключана каля 210 пагадненьняў і кантрактаў пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. 190 зь іх ужо рэалізавана.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што Кітай цяпер моцна зацікаўлены ў мадэрнізацыі свайго войска.

(Алесін: ) “Кітай дагэтуль лічыць Тайвань мяцежнай правінцыяй, і мэтай Кітаю зьяўляецца вяртаньне пад юрысдыкцыю Кітаю гэтай правінцыі. Таму ЗША даволі высока ацэньваюць рызыку магчымага сутыкненьня з Кітаем з-за Тайваню, таму што Кітай пасьля авалоданьня перадавымі тэхналёгіямі можа іх скіраваць на правядзеньне вайсковай апэрацыі дзеля захопу Тайваню”.

Нагадаем, ЗША выступаюць за падаўжэньне эмбарга на пастаўку ўзбраеньняў у Кітай. Яно было ўведзенае ў 1989 годзе пасьля таго, як кітайскія ўлады з дапамогай танкаў жорстка задушылі студэнцкую дэманстрацыю на плошчы Цяньяньмынь. Са свайго боку, кіраўніцтва Беларусі актывізуе кантакты з Кітаем у вайсковай сфэры.

Нагадаем, летась у Менску кіраўнік Беларусі прыняў сябра Цэнтральнай вайсковай рады, начальніка галоўнай управы ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі кітайскага войска Чэнь Біндэ. Агульная сума заключаных кантрактаў на той момант склала больш за 200 мільёнаў даляраў. Пасьля ў Кітай накіраваўся міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў. Падчас перамоваў Леанід Мальцаў заявіў, што сустракаецца з Цао Ганчуанем як з даўнім, добрым сябрам.

(Мальцаў: ) “Заўсёды такія людзкія, нармальныя дачыненьні зьяўляюцца самай трывалай асновай і гарантам разьвіцьця ўсіх іншых дачыненьняў”.

Паводле аглядальніка Аляксандра Алесіна, абодва бакі не раскрываюць канкрэтных дэталяў кантрактаў у галіне ўзбраеньняў.

(Алесін: ) “Кітай найперш цікавяць аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня войскамі й сыстэмы кіраваньня зброяй, перадавыя сыстэмы навядзеньня. Апроч таго, мяркую, што іх цікавіць і шэраг касьмічных тэхналёгіяў”.