Заўтра ў Менску пакажуць фільм “Franz+Polina” – паводле А.Адамовіча

Радыё Свабода 13 верасьня ў 15.30. і 18.20 у менскім Доме кіно (кінатэатар “Партызан”) адбудзецца прэм''ерны паказ кінафільму “Franz+Polina”, паводле аповесьці Алеся Адамовіча “Нямко”. Карціна зробленая на хантымансійскай студыі “Югра-фільм”, здымалася ў Беларусі, у ёй занятыя кінаакторы зь Беларусі, Расеі, Нямеччыны. Кінастужка, якая стала дэбютам для маладога расейскага рэжысэра Міхаіла Сэгала, сёлета ў ліпені была прадстаўленая на Міжнародным кінафэстывалі ў Маскве. Маскоўскія і бэрлінскія крытыкі назвалі “Franz+Polina” гісторыяй Рамэа і Джульеты другой усясьветнай вайны.
У аснове фільма – адзін з апошніх твораў Алеся Адамовіча “Нямко”. Гэтую аповесьць пісьменьнік назваў нявыдуманай гісторыяй. Петэр Шультэ, які прыканцы 1980-х сустракаўся з Адамовічам у Нямеччыне, лічыць, што твор нараджаўся ў тым ліку і пад уплывам шматлікіх размоваў, спрэчак, сьведкам якіх яму давялося стаць. Гэта было пад Дортмундам, у ягонага знаёмага пастара, дзе некаторы час гасьціў пісьменьнік.

(Шультэ: ) “Я нярэдка ўзгадваю Адамовіча. Памятаю, як мы заходзілі ў гэты дом і мой бацька, які ваяваў у Беларусі, разам з Адамовічам гаварылі пра беларускія лясы ў часе вайны. Каго там толькі ні было – немцы, партызаны, уласаўцы... Яшчэ гаварылі пра каханьне, якое як ні дзіўна ўзьнікала на гэтай жорсткай вайне паміж маладымі прадстаўнікамі варожых народаў. Яно ад пачатку было запрагамаванае на трагізм. Аднак Адамовіч бачыў у гэтых пачуцьцях вельмі важны знак: інстынктыўна людзі не адчуваюць сябе ворагамі. Тады мяне гэтыя словы вельмі ўразілі”.

Аповесьць была напісаная ў 1992, эпіграфам да яе стала біблейская цытата на нямецкай мове “ Іch werde dich schuetzen” (“Я цябе абараню”).

У 1993 годзе Адамовіч піша кінасцэнар паводле гэтага твору. Экранізацыю ён даручае свайму зяцю Віталю Шувагіну – мужу дачкі Натальлі. Аднак і Адамовіч, і Шувагін неўзабаве паміраюць. Да ідэі экранізацыі зноў вяртаюцца толькі напачатку 2000-х.

Маскоўскі рэжысэр Міхаіл Сэгал і менскі пісьменьнік Уладзімір Сьцепаненка на згоду Натальлі Адамовіч перарабляюць літаратурную аснову, пакідаючы пры гэтым галоўную калізію. Салдаты СС у часе акупацыі Беларусі спыняюцца ў хаце, дзе жывуць Паліна і яе маці. Паміж Францам і дзяўчынай узьнікае каханьне. Усё разьвіваецца як мае быць, пакуль немцы ня паляць вёску. Франц адмаўляецца выканаць камандзірскі загад і замест любай ды ейнай маці забівае свайго начальніка. Маладыя бягуць у лес, дзе хаваюцца ад усіх – немцаў, партызанаў, уласаўцаў. Франц выдае сябе за глуханямога брата Паліны.

Адрозна ад літаратурнага Франца – хлопчыка-інтэлектуала з пастарскай сям’і, які добра ведае расейскую мову і літаратуру, кіношны герой выглядае ўчорашнім сябрам гітлерюгэнду. У фільме гучаць нямецкая, беларуская, расейская мовы. Паводле сцэнарыста Ўладзімера Сьцепаненкі, карціна атрымалася куды больш жорсткай за літаратурную аснову.

(Сьцепаненка: ) “Літаратурная аснова Адамовіча – гэта суцэльны гуманізм. Кіно ж атрымалася супраць усіх – немцаў, партызанаў, уласаўцаў, але яно з такой беларускай мэнтальнасьцю. Там ёсьць беларуская атмасфэра, беларускае стаўленьне да жыцьця. Асноўным героем робіцца хлопчык Казік, які ня можа дараваць, хаця павінен дараваць, які быццам бы ўжо сябруе, але не дараваў, забіў немца”.

У Адамовіча Казіка няма. Франц і Паліна пражываюць доўгае жыцьцё. Аднак кінагісторыя завяршаецца пачаткам 1944-га. Цяжарнай Паліне становіцца дрэнна ў лесе. Некалькі жанчын хочуць дапамагчы ёй і пасылаюць Франца за вадой.

(Сьцепаненка: ) “Франц ідзе на рэчку, набірае вады, вяртаецца назад. Тут зьяўляецца Казік, якому гадоў 12, і страляе ў яго, гледзячы ў вочы, забівае. Казік ня можа дараваць Францу, што той немец”.

Дачка Алеся Адамовіча Натальля нязгодная з падобным падыходам.

(Адамовіч: ) “Я ня згодная з усімі гэтымі трактоўкамі, акцэнтамі. Гэта толькі палова сцэнару. Усё вельмі зацягнутае. Па другое, паленьне вёскі было ў “Ідзі і глядзі” ды ў іншых нашых фільмах. У Адамовіча ў сцэнары гэтага няма, і ў аповесьці таксама. Адамовіч рабіў акцэнт на іншае. Немцы прыходзілі ў вёску, квартараваліся там, разам елі за адным сталом зь мясцовымі жыхарамі. Усё ішло мірна, пакуль не наставаў час “Ч”. Такое было. Адамовіч вывучаў гэтую тэму. Ён пісаў пра Рамэа і Джульету, у якіх нават ня сем’і, а народы ваююць адзін з адным. Гэтым, па сутнасьці, дзецям няма куды дзявацца. У карціне гэта нядрэнна паказана. У іх няма сваіх, і яны ад усіх бегаюць”.

Беларускі кінакрытык Тацяна Цюрына называе кінадэбют маладога расейскага рэжысэра Міхаіла Сэгала лепшым з таго, што апошнім часам здымалася пра Беларусь. Таксама адзначае выканаўцаўнаў галоўных роляў: Адрыяна Топаля (Франц), Сьвятлану Іванову (Паліна), Марыю Міронаву (маці Паліны)…

(Цюрына: ) “Добрыя рэжысэры засёды выкарыстоўваюць фактуру актораў. Тут вельмі ўдала падабраныя выканаўцы. Яны адабраныя не як акторы, а тыпажна. Тып, пра які падумаеш, што гэта менавіта беларусы, альбо менавіта немцы. Вельмі цудоўныя галоўныя героі.

Спадабалася тое, як зьнятая беларуская прырода. Галоўнай праблемай беларускага кіно застаецца зялёны колер. Гэта нагадвае зялёнку, аднак нічога ня зробіш – гэта колер беларускіх лясоў. Для таго, каб зьмікшаваць гэты колер, трэба быць вельмі візуальна ўдумлівым апэратарам і рэжысэрам. Ёсьць шмат прэтэнзіяў па дэталях, аднак у якасьці першай працы гэта вельмі і вельмі прыстойна”.

І Тацяна Цюрына, і Натальля Адамовіч нязгодныя з Уладзімерам Сьцепаненкам: Франц застаецца жыць. Казік проста ня мог яго забіць. У фільме няма выстралу і не паказаная сьмерць.

Такой думкі прытрымліваецца і выканаўца ролі Франца – бэрлінскі актор Адрыян Топаль. Ён перакананы: фільм знойдзе свайго гледача і ў Нямеччыне, асабліва сярод маладога пакаленьня.

(Топаль: ) “Кніга Адамовіча, на жаль, не перакладзеная на нямецкую мову. Я чытаў толькі сцэнар. Я лічу, што гэтая гісторыя вельмі актуальная. І цяпер ідуць войны, існуе тэрарызм. Фільм апэлюе да чалавечнасьці. Усе мы маем маці, бацьку, сваякоў, блізкіх. І калі ідзе вайна, усё такая дробязь, якой нацыянальнасьці чалавек. Войны па-ранейшаму актуальныя, і ад таго ўсё так вельмі сумна”.