Ці дадуць Мілінкевічу прэмію імя А.Сахарава?

Аляксей Дзікавіцкі, Прага Ў часе апошняй сэсіі Эўрапейскага парлямэнту, якая праходзіла ў Страсбуры з 4 да 7 верасьня, у парлямэнце пачаўся збор подпісаў за тое, каб кандыдатам на атрыманьне прэстыжнай ўзнагароды Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава стаў Аляксандр Мілінкевіч.
Ініцыятары вылучэньня кандыдатуры Аляксандра Мілінкевіча на атрыманьне прэміі Эўрапейскага парлямэнту імя Андрэя Сахарава – дэпутаты ад Польшчы, паводле якіх менавіта лідэр беларускай апазыцыі заслугоўвае на тое, каб атрымаць яе сёлета.

“Мілінкевіч сваім змаганьнем як мала хто іншы бараніў сёлета нашы агульнаэўрапейскія каштоўнасьці”, - заявіў віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі.

З гэтым згодны і дэпутат Багуслаў Сонік, які асабіста зьбірае подпісы ў падтрымку кандыдатуры беларускага палітыка.

(Сонік: ) “Узнагарода імя Сахарава даецца тым, хто, як і сам Сахараў, не баіцца нават самотна пачаць змаганьне супраць таталітарызму, зла. Цягам гэтага году Аляксандар Мілінкевіч паказаў, што можа гэта зрабіць, што ён здольны аб’яднаць людзей і стаць на чале змаганьня за свабоду і незалежнасьць сваёй краіны”.

Кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча падтрымлівае найбуйнейшая фракцыя Эўрапейскага парлямэнту – фракцыя Эўрапейскай народнай партыі ў той час як сацыялісты хочуць, каб узнагароду атрымаў лібанскі журналіст Хасан Туні. Працягвае Багуслаў Сонік.

(Сонік: ) “Трэба сказаць, што гэта няпросты працэс, вызначыць ляўрэата прэміі. Аляксандар Мілінкевіч мае шанец атрымаць яе. Тое, што сацыялісты супраць, яшчэ нічога не вырашае. Галоўным будзе голас лібэралаў – трэцяй паводле велічыні фракцыі. Але там ёсьць Януш Анышкевіч, Браніслаў Герэмак, якія падтрымліваюць беларускую справу і, я думаю, яны пераканаюць сваіх партыйных калегаў”.

Прэмія Эўрапейскага парлямэнту заснаваная ў 1988 годзе і даецца асобам, якія маюць асаблівыя заслугі ў абароне дэмакратыі і правоў чалавека. Сярод ляўрэатаў – Нэльсан Мандэла, вядомы кубінскі апазыцыянэр Асвальда Пайа, а два гады таму прэмію Сахарава атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Уручэньне сёлетняй ўзнагароды адбудзецца ў сьнежні.