Віцебск: невядомы махляр зьбіраў ахвяраваньні ад імя БРСМ

Радыё Свабода Хлопца, які прадстаўляўся сябрам БРСМ, выкрыла супрацоўніца абкаму гэтае арганізацыі: паводле іроніі лёсу, менавіта да яе ў кватэру ён зайшоў напачатку сваёй “дзейнасьці” ды прапанаваў здаць 1 тысячу рублёў для гадаванцаў садкоў і вучняў малодшых клясаў. Спадарыня ня стала выклікаць міліцыю, але цяпер гэтай справай займаецца ідэалягічны аддзел аблвыканкаму.
Начальнік аддзелу Міхаіл Кузьміч загадаў, каб дзьве мясцовыя дзяржаўныя газэты, “Віцебскі рабочы” і “Віцьбічы”, надрукавалі папярэджаньне для жыхароў гораду — каб не давалі грошай зьбіральнікам ахвяраваньняў ад БРСМ, папярэдне ня спраўдзіўшы іхных паўнамоцтваў.

Журналісты недзяржаўных СМІ пачалі тэлефанаваць у абкам БРСМ, каб даведацца пра інцыдэнт ды папярэдзіць сваіх чытачоў. Але супрацоўніца, якая назвала сябе Людмілай Алегаўнай, дадатковую інфармацыю паведамляць адмовілася, спаслаўшыся на распараджэньне начальніка ідэалягічнага аддзелу. Таму пра махляра вядома толькі тое, што ён выглядаў як вучань старэйшых клясаў, меў самаробную ліцэнзію зь беларускім гербам і невыразнай пячаткай няіснага “аддзелу фінансаваньня пачатковай школы ды дзіцячых садкоў”, а таксама чысты падпісны аркуш — для зьвестак пра ахвярадаўцаў.

На пытаньне, чаму пра махляра адразу не паведамілі ў міліцыю, у абкаме БРСМ адказалі, што хлопец, магчыма, проста вырашыў пажартаваць і адмыслова прыйшоў да прадстаўніцы абласной структуры БРСМ з падробленымі паперамі. Тым ня менш, у газэтах ужо зьявілася афіцыйнае паведамленьне пра тое, што адбылося “выкарыстаньне іміджу арганізацыі дзеля карысьлівых мэтаў” — мажліва, нават “дзеля дыскрэдытацыі грамадзкага аб’яднаньня”.

Радыё Свабода