Памёр Дзьмітры Булахаў

Радыё Свабода Сёньня раніцай ад нечаканага сардэчнага прыступу памёр Дзьмітры Булахаў, афіцыйны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе Беларусі. Дзьмітрыю Булахаву было 46 гадоў.
Палітычная кар’ера Дзьмітрыя Булахава пачалася ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12 скліканьня, дзе ён займаў пасаду старшыні камісіі па заканадаўстве. Менавіта пад уплывам Булахава Вярхоўны Савет у 1992 годзе адхіліў прапанову БНФ аб рэфэрэндуме наконт роспуску парлямэнту і правядзеньня датэрміновых выбараў. Удзельнічаў у арганізацыі адхіленьня ад пасады С.Шушкевіча, быў адной з галоўных фігураў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году.

Пасьля перамогі Лукашэнкі вылучаўся на пасаду Старшыні Канстытуцыйнага Суду, але не быў абраны. Падчас процістаяньня Вярхоўнага Савета з прэзыдэнтам у 1996 годзе быў на баку парлямэнта, аднак пасьля перамогі Лукашэнкі перайшоў у выканаўчыя структуры. Працаваў першым намесьнікам старшыні выканкаму СНД, з красавіка гэтага году — прадстаўніком прэзыдэнта ў Нацыянальным сходзе.