На тактыку мясцовых выбараў у апазыцыі розныя погляды

Радыё Свабода За чатыры месяцы да мясцовых выбараў у апазыцыі існуюць розныя погляды на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Гэта стала заўважным пасьля намеру ЦВК адмяніць другі тур галасаваньня і правесьці кампанію толькі за адзін тур.
Лідэр Партыі камуністаў (Беларускай) Сяргей Калякін цьвердзіць: выбараў у Беларусі, у клясычным разуменьні гэтай працэдуры, зноў не адбудзецца. Таму перадусім трэба гаварыць пра інфармацыйную, легальную магчымасьць данесьці да выбарцаў свае погляды. Адсюль і патрэба мець у кожнай акрузе як мага больш дэмакратычных прэтэндэнтаў:

(Калякін: ) "Ёсьць заява дэмакратычных сілаў – мы разумеем, што ў краіне няма выбараў. І Лідзія Ярмошына толькі пацьвярджае гэтыя нашы думкі. Таму наша стратэгія ня будзе зьмяняцца ў залежнасьці ад таго, колькі будзе тураў – адзін ці два. Мы разглядаем мясцовыя выбары як палітычную кампанію, падчас якой будзем размаўляць з насельніцтвам Беларусі пра існуючыя праблемы і пра тое, як дамагчыся лепшай будучыні.

Я ня веру ў тое. што ў Беларусі можна змагацца за дэпутацкія мандаты. У нас выбараў – няма. І калі спадарыня Ярмошына гаворыць пра тое, што ўсё вырашыцца ў адзін тур, дык якія ж гэта выбары. Гэта ня выбары".

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч, як і Сяргей Калякін, прадстаўлены ў Кансультацыйнай радзе дэмсілаў. Аднак погляды на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ў іх розныя:

(Статкевіч: ) "Відавочна, што прапановы Аб''яднанай грамадзянскай партыі, каб у кожнай акрузе было колькі заўгодна дэмакратычных кандыдатаў, больш не праходзяць. Цяпер патрэбны адзін кандыдат. Таму што нават калі б выбары праводзіліся сумленна, дык улады наўмысна б расьцягвалі галасы дэмакратычных кандыдатаў, а свайго мелі б аднаго. Тады б улада перамагала б нават на сумленных выбарах. Таму, я думаю, цяпер асабліва відавочна – у кожнай акрузе павінны быць адзін дэмакратычны кандыдат".

Выканаўца абавязкаў кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч лічыць, што трэба адыходзіць ад агульнай, на ўсе акругі, тактыкі. На яго думку, варта больш давяраць мясцовым суполкам. Менавіта яны мусяць непасрэдна ў рэгіёнах вызначыцца, дзе карысьней балятавацца многім прэтэндэнтам, а дзе лепш усім аб''яднацца вакол аднаго:

(Ляўковіч: ) "Такія рэчы можна рабіць, знаходзіць "прабіўныя" акругі. Так, прыкладам, мы зрабілі ў мінулыя выбары ў Белаазёрску, дзе захапілі гарадзкі савет. Калі гэта нечакана для ўлады, калі кандыдат вельмі аўтарытэтны, калі яго добра ведае насельніцтва... Іншы раз яго трэба, дарэчы, пазыцыянаваць як беспартыйнага. Тут хітрэйшымі патрэбна быць.

Чым больш мы пойдзем у народ, тым шырэй будзе інфармацыйная кампанія. Ды і псыхалягічны фактар трэба ўлічваць. Калі кандыдаты слабенькія, дык, на мой погляд, няхай і дзесяць іх будзе. Бо за кожнага галасы будуць зьбіраць яго дзеці, жонка, цешча... Глядзіш, і ужо дзесяць цешчаў працуюць, а калі адзін кандыдат, дык толькі адна пойдзе зьбіраць подпісы".