Статкевіча зноў пераводзяць. У Блонь

Любоў Лунёва, Пухавіцкі раён Група беларускіх палітыкаў, якія сёньня прыехалі наведаць Міколу Статкевіча на новае месца адбыцьця ім пакараньня – у вёску Сітнікі Пухавіцкага раёну, – атрымалі на сустрэчу з палітыкам толькі 15 хвілінаў. Статкевіч ізноў перасяляўся і выйшаў са спакаванымі рэчамі.
Выхавальнік атраду, які не захацеў адрэкамэндавацца, перапісаў пашпартныя зьвесткі ўсіх, хто ў Сітнікі прыехаў: лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, намесьніка старшыні аргкамітэту для аднаўленьня партыі БСДП “Народная грамада” Аляксандра Арастовіча, а таксама намесьнікаў старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча і Аляксея Янукевіча ды журналістаў.

У вёску Сітнікі Мікола Статкевіч быў накіраваны з Баранавічаў, як патлумачана, для датрыманьня інструкцыяў: свой тэрмін абмежаваньня волі асуджаны мусіць адбываць у вобласьці, дзе прапісаны. У Сітніках Статкевіч прабыў усяго 2 дні. У прысутнасьці палітыкаў і журналістаў яго пасадзілі ў службовы транспарт і перавозяць у вёску Блонь. Там “хіміка”, праўдападобна, чакае праца ў мясцовым калгасе.