Уладзімер Арлоў, Менск 3.8.1926, в. Канюхі (Капыльскі раён) — 26.1.1994, Масква.
Пахаваны ў в. Глуша (Бабруйскі раён).
Мы пазнаёміліся пры канцы 1980-х гадоў у Маскве на паседжаньні Савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, куды запрасілі зь дзясятак айчынных літмаладзёнаў. Абмеркаваньне нашай творчасьці пачалося з таго, што адзін з сталічных крытыкаў публічна паведаміў, што, чытаючы творы гасьцей, учора раптам зразумеў: беларуская мова, аказваецца, сапраўды існуе. Адамовіч крыху спазьніўся і, даведаўшыся ад нас пра зробленае “старэйшым братам” адкрыцьцё, толькі пагардліва махнуў рукой, дадаўшы пару моцных слоў. Потым ён першы падпісаў складзены намі ў тыя дні зварот у высокія інстанцыі з просьбаю стварыць у Менску музэй Уладзімера Караткевіча. Праўда, адразу ж упэўнена заўважыў: “Нічога, хлопцы, у вас не атрымаецца”.
Ягоныя — на шчасьце, ня толькі пэсымістычныя прагнозы здзяйсьняліся і ў маштабах нязьмерна большых. Адамовіч прадказаў крывавыя падзеі ў Вільні, а на пачатку лета таго самага гістарычнага 1991 году пайшоў у заклад з самім Генры Кісынджэрам, сьцьвярджаючы, што КПСС хутка сыдзе з арэны.
Ён усё сваё жыцьцё ваяваў за справядлівасьць: у партызанах, куды трапіў падлеткам; у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсітэце, дзе працаваў на катэдры нацыянальных літаратураў і адкуль быў выгнаны ў сувязі з справаю пісьменьнікаў-дысыдэнтаў Сіняўскага і Даніэля; у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, дзе адраджаў мэтадалягічныя прынцыпы праўдзівасьці й гістарызму... Рэзкі канфлікт зь беларускім кіраўніцтвам пасьля Чарнобыльскай катастрофы, праўду пра якую ён імкнуўся данесьці любымі шляхамі, прывёў да пераезду ў Маскву. Там Адамовіч стаў адным з выбітных удзельнікаў гарбачоўскае “перабудовы” і далейшых вірлівых палітычных падзеяў.
Ён быў аўтарам 17 кнігаў, у тым ліку раману “Карнікі” і “Хатынскай аповесьці”, па матывах якой зьняты фільм “Ідзі і глядзі”. Яго заўсёды “зачароўвала не таямніца жыцьця, а таямніца яго супрацьлегласьці...” (А. Лукашук).
Аднак Алесь Адамовіч належаў, на маю думку, да тых творцаў, асоба якіх вышэйшая за іх кнігі. Напэўна, ён і сам разумеў гэта, адважна рынуўшыся ў палітыку і грамадзкую дзейнасьць: быў народным дэпутатам, працаваў у “Мэмарыяле”, выступаў з палымянымі прамовамі на мітынгах. Ня раз прыязджаў у Менск на “Чарнобыльскі шлях”...
Ягоная сьмерць сталася сымбалічнай: пад час суду, пасьля выступу ў абарону інтарэсаў Міжнароднага літаратурнага фонду. У 1997-м, пасьмяротна, ён стаў ляўрэатам прэміі гэтага Фонду “За гонар і годнасьць таленту”.
Імем Адамовіча названая адна з прэміяў, якую прысуджае Беларускі ПЭН-цэнтар. Сёлета яе ляўрэатам за кнігу “Сем гадоў адраджэньня, альбо Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)” стаў Сяргей Навумчык.
P.S. Афіцыйная дата нараджэньня А. Адамовіча (3.9.1927), замацаваная ў дакумэнтах, энцыкляпэдыях і даведніках — вынік таго, што ў часе вайны маці больш чым на год “падмаладзіла” сына, ратуючы яго ад вывазу ў Нямеччыну. Такім чынам, гэтым летам Адамовічу споўнілася б 80.