ЦВК прапануе адмяніць другі тур мясцовых выбараў

Радыё Свабода З адпаведнымі папраўкамі Цэнтравыбаркам ужо зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў. Гэту інфармацыю нашаму радыё сёньня пацьвердзіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Цэнтравыбаркам прапануе адмяніць другі тур выбараў. У гэтым выпадку дэпутатам (пры ўмове дастатковай яўкі выбарцаў) становіцца пераможца першага туру – незалежна ад таго, колькі галасоў ён зьбярэ. Дзейнае ж заканадаўства прадугледжвае: каб быць абраным у першым туры, кандыдату трэба мець падтрымку большай паловы выбарцаў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, адказваючы на наша пытаньне, назвала гэтую ініцыятыву “старой ідэяй, якую вырашана нарэшце рэалізаваць”:

(Ярмошына: ) “Мы ўсіх дэпутатаў на мясцовых выбарах будзем абіраць зь першага туру. Выбары прынясуць адразу вынік, і Саветы могуць пачаць сваю працу раней. Мы ня будзем уцягвацца ў доўгую выбарную кампанію. Неабходнасьць і мэтазгоднасьць ня ў тым, што дэпутатаў не дабяруць у другім туры. Іх дабяруць. Аднак на мясцовых выбарах заўважна праблема яўкі выбарцаў. Калі на першы тур грамадзяне яшчэ прыходзяць, дык на другі – ужо ёсьць праблема. Каб выбарцы ўжо ў першым туры, у адзін тэрмін, атрымалі сваіх абраньнікаў, – мэтазгодна перайсьці на гэткую сыстэму”.

Ініцыятыву камэнтуе спэцыяліст у галіне выбарчага права Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “У бальшыні краінаў выбары праходзяць у адзін тур. Прычым нават незалежна ад таго, колькі выбарцаў прагаласуе – ці, прыкладам, 50%, ці 1 чалавек. Да таго ж досьвед паказвае, што лідэр першага туру ў 80-85% выпадкаў перамагае і ў другім. Так што адмена другога туру адпавядае міжнародна-прававым нормам. Фармальна заканадаўства даводзіцца да адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. А насамрэч выбары – як прававы інстытут – у нас адсутнічаюць, пачынаючы з 1996 году. Існуе палітычны інстытут выбараў. І гэтым разам уладам другі тур наагул ужо не патрэбен”.

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла: Цэнтравыбаркам прапануе правесьці мясцовыя выбары 14 студзеня 2007 году.

Дарэчы, учора кіраўнік Цэнтравыбаркаму Расеі Аляксандар Вішнякоў правёў брыфінг для журналістаў з нагоды магчымых зьменаў выбарчага заканадаўства сваёй краіны. Спадар Вішнякоў выказаўся супраць вяртаньня ў расейскае заканадаўства інстытуту датэрміновага галасаваньня. Ён, у прыватнасьці, адзначыў, што такі крок “адкрывае бязьмерныя магчымасьці для адміністратыўнага рэсурсу заганяць людзей на выбарныя ўчасткі, каб яны прагаласавалі датэрмінова, і для фальсыфікацыі – улічваючы, што скрыні чатыры ночы стаяць фактычна без нагляду, і можна накідаць у іх усё што заўгодна”. Нагадаем: у Беларусі інстытут датэрміновага галасаваньня выкарыстоўваецца даўно й актыўна.