В.а. амбасадара ЗША Джонатан Мур дамагаецца сустрэчы з палітвязьнямі

Любоў Лунёва, Менск Выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Мур паведаміў, што бліжэйшым часам мае намер наведаць палітвязьняў Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука й Аляксандра Казуліна ў менскім СІЗА, а таксама ў спэцкамэндатурах – Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча, Андрэя Клімава й Артура Фінькевіча. Падчас сустрэчы з журналістамі сп. Мур акрэсьліў: новы амбасадар ЗША Карэн Сьцюарт прыбудзе ў Менск 18 верасьня.
Выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Мур днямі намагаўся наведаць у менскім СІЗА палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Міколу Астрэйку й Цімафея Дранчука. Але не атрымаў дазволу:

(Мур: ) “Мы хацелі б зрабіць яшчэ адну спробу наведаць палітзьняволеных. Мы не пакінулі гэтай ідэі. Мы прасілі даць дазвол наведаць Астрэйку, Дранчука, Казуліна. Нам вельмі прафэсійна адказалі, што гэта – у кампэтэнцыі судзьдзяў. Цяпер мы аднаўляем нашу просьбу да МЗС дапамагчы нам убачыць гэтых людзей. Пакуль не чакаем рэакцыі на просьбы наведаць іншых палітзьняволеных. Але мы зацікаўлены наведаць і іх.

Хачу падкрэсьліць, што ўсё палітвязьні (а іх шмат) павінны быць вызвалены без усялякіх умоў. Мы занепакоены станам здароўя прафэсара Казуліна. Мы атрымалі інфармацыю, што ягоны стан здароўя ня вельмі добры. Ведаем жа, што ў месцах пазбаўленьня волі такія ўмовы, што могуць паўплываць на здароўе зьняволеных. Мы працягваем пільна сачыць за сытуацыяй. Гэта адна з прычынаў, чаму мы хочам дабіцца магчымасьці гэтай сустрэчы”.

Джонатан Мур пракамэнтаваў нядаўні пікет, санкцыянаваны беларускімі ўладамі, пад лёзунгам: “Далоў амэрыкана-ізраільскіх агрэсараў”. Ён заявіў, што вітае свабоднае волевыяўленьне грамадзянаў, і зьвярнуў увагу: такое ў Беларусі здараецца зусім ня часта.

Джонатан Мур сказаў, што ня мае прэтэнзіяў да беларускіх уладаў адносна аховы амбасадаў. Але заадно ён прыгадаў, што ў часе прыватнай вандроўкі ў Віцебск увага да яго з боку спэцслужбаў была занадта пільнай.

(Мур: ) “Што тычыцца ўмовы працы ня толькі амэрыканцаў, але й іншых дыпляматаў, то мы ўжо красамоўна выказалі свой пратэст супраць таго, як абышліся з латвійскім калегам. Дасьледаваньне працягваецца, і мы маем паглядзець, якія крокі зробіць латыскі ўрад. Гэта абсалютна беспрэцэдэнтна – здымаць дыплямата ў ягоным доме, а потым паказваць па тэлебачаньні, урывацца ў кватэру.

Асобны выпадак, які нас вельмі сур’ёзна непакоіць, – сьмерць нашага літоўскага калегі. Наколькі мы разумеем, і літоўскія, і беларускія ўлады праводзяць сумеснае расьсьледаваньне гэтага здарэньня. Мы зь нецярпеньнем чакаем магчымасьці даведацца пра вынікі дасьледаваньня”.

Джонатан Мур паведаміў, што новы амбасадар ЗША Карэн Сьцюарт прыбудзе ў Менск 18 верасьня.

Часовы павераны распавёў журналістам, што ён – сябар былога амбасадара Джорджа Крола і, адпаведна са сваёй парадай, пачаў вывучаць беларускую мову. Спадар Мур азначыў, што бліжэйшым часам амбасада ЗША будзе больш актыўна працаваць у галіне культурных зносінаў і мае быць больш адкрытай для прэсы. Прыгадваючы апошнія сюжэты нацыянальнага тэлебачаньня пра ролю амэрыканскіх дыпляматаў на тэрыторыі Беларусі, сп. Мур заўважыў, што ён ня бачыць сэнсу кожны раз усур’ёз на такое рэагаваць.