Ганна Соўсь, Менск У 1991 годзе дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Іосіф Сярэдзіч рэдагаваў парлямэнцкую “Народную газету”, і ў адпаведнасьці са сваім рэдактарскім статусам не лічыў магчымым уваходзіць у тую ці іншую парлямэнцкую фракцыю. Але па сваіх поглядах быў заўсёды на баку дэпутатаў-дэмакратаў, і галасаваў як за Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, так і за наданьне ёй канстытуцыйнага статусу, згадвае Іосіф Сярэдзіч.
(Сярэдзіч: ) “На ўсё жыцьцё запомніўся той вечар, калі Вярхоўным Саветам была пастаўленая кропка ў наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце дзяржаўнага, законнага статусу. Памятаю, як на плошчы Незалежнасьці, а тады яна яшчэ называлася плошчай Леніна, сабралася шмат людзей. Паўсюдна луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Адчуваньне было такое, што сапраўды адбылася значная гістарычная падзея. У той час, мне здаецца, акрамя Пазьняка, мала хто разумеў, што каб утрымаць незалежнасьць краіны, давядзецца яшчэ праліць шмат крыві. Як ні крыўдна, але і сёньня незалежнасьць Беларусі, на мой погляд, у небясьпецы.
І вось яшчэ адзін яркі ўспамін. Эмоцыі ў той вечар, сапраўды, выходзілі зь берагоў. Нехта з дэпутатаў БНФ, віншуючы тагачаснага прэм’ера Вячаслава Францавіча Кебіча, напалову жартам, а напалову, мне здаецца, усур’ёз, сказаў: “Ну што, Францавіч, з вас каньяк”. І памятаю, як сёньня, што Кебіч імгненна вырашыў гэтую праблему. Тады я таксама падняў келіх за незалежнасьць Беларусі”.