Радыё Свабода Тадэвуш Мазавецкі быў першым некамуністычным прэм’ерам Польшчы, якая ад 1989 году пачала вызваляцца ад уплыву Масквы. Вось як спадар Мазавецкі адказаў на пытаньне нашага радыё: што ў той час у польскім урадзе думалі пра магчымасьць хуткай незалежнасьці Беларусі?
(Мазавецкі: ) “Тады яшчэ існаваў Савецкі саюз, але мы першыя пачалі гэтак званую палітыку “падвойных дачыненьняў” – ня толькі з Масквой, але і з асобнымі рэспублікамі СССР, у тым ліку і Менскам. Было ясна, што Беларусь стане больш самастойнай у межах СССР, але што поўная незалежнасьць надыдзе так хутка, цяжка тады было прадбачыць. Калі казаць пра цяперашні час, дык Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму незалежнай краінай. Я, напрыклад, даведаўся, што ў Беларусі, прыкладам, у школах вучаць па-расейску, а не па-беларуску. Ну гэта ж поўны абсурд, незразумелы зусім! У нас нават у найбольш змрочныя камуністычныя часы нельга было нешта такое ўявіць”.