Радыё Свабода Роўна 15 гадоў таму, 25 жніўня 1991 году, Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі набыла канстытуцыйны статус. Пра той дзень згадвае Генадзь Бураўкін, які тады ўзначальваў сталае прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Нью-Ёрку.
(Бураўкін: ) “Гэты дзень для нас, хто знаходзіўся тады ў прадстаўніцтве пры ААН, бясспрэчна быў вельмі важны, памятны, сьвяточны. Зацьвярджалася зь юрыдычнымі ды ўсімі іншымі атрыбутамі самастойнасьць, незалежнасьць — урэшце, будучыня роднай Беларусі. Ну, і тое ж з намі падзялялі эмігранты, нашы землякі, якіх лёс закінуў так далёка, за акіян. Для іх гэты дзень, можа, быў яшчэ больш урачысты, чым для нас. Таму для мяне цяпер, ужо пасьля столькіх гадоў, успамінаецца гэты дзень адным — радасьцю агульнай, актыўнай, дружнай. І вялікімі-вялікімі спадзяваньнямі, і вельмі вялікай верай, што ўсё ў Беларусі будзе добра”.