Мэдыкі вызначаць прычыну сьмерці літоўскага дыплямата (абноўлены)

Радыё Свабода Сёньня ў Берасьці пачалася экспэртыза абставінаў сьмерці літоўскага дыплямата, афіцэра бясьпекі, дарадцы генэральнага кансуляту Літвы ў Горадні Вітаўтаса Пацюнаса. Ён загінуў у ноч з 22 на 23 жніўня ў Берасьці. Цела дыплямата знайшлі раніцай 23 жніўня каля гатэлю “Інтурыст”.
Часовы павераны ў справах Літвы ў Беларусі Марыюс Януконіс цяпер знаходзіцца ў Берасьці. У інтэрвію нашаму радыё ён паведаміў, што разам зь беларускімі экспэртамі працуе і мэдык зь Літвы:

(Януконіс: ) “Пакуль зьвестак няма. Магчыма, увечары могуць зьявіцца папярэднія зьвесткі. Але пры ўмове, што экспэрты нешта скажуць. Я ня ведаю, ці будуць яны гаварыць, ці адмовяцца. А на канчатковыя вынікі экспэртызы патрэбны пэўны час — некалькі тыдняў”.

Я спытаў спадара Януконіса, якім чынам ягоны калега Вітаўтас Пацюнас, які стала працаваў у Горадні, апынуўся ў той трагічны вечар у Берасьці?

(Януконіс: ) “Ён удзельнічаў у прыёме, які ладзіла Генэральнае консульства Ўкраіны ў Берасьці з нагоды нацыянальнага сьвята Ўкраіны. Гэтае мерапрыемства праводзіцца штогоду, а нашае консульства ў Горадні “закрывае” і Берасьцейскую вобласьць. Таму гэта была звычайная рабочая камандзіроўка. Зразумела ж, што дыпляматы камунікуюць паміж сабою”.

Па-ранейшаму справай загінулага літоўскага дыплямата займаецца Берасьцейская абласная пракуратура. Прадстаўнік Рэспубліканскай пракуратуры Андрэй Швед афіцыйна ўдакладніў для “Свабоды” наступнае:

(Швед: ) “Беларускі бок дазволіў прысутнічаць пры правядзеньні перадсьледчай праверкі з нагоды сьмерці грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі службовых асобаў зь некаторых праваахоўных органаў Літвы. Праверку праводзіць пракуратура Берасьцейскай вобласьці. У ёй ня ўдзельнічаюць, але прысутнічаюць пры ёй некаторыя службовыя асобы зь літоўскага боку”.

Паводле спадара Януконіса, беларускі бок дзеліцца зь літоўскім інфармацыяй, і на дадзены момант літоўскія дыпляматы задаволеныя ўзроўнем супрацоўніцтва.

Вітаўтасу Пацюнасу было 48 гадоў, у яго засталіся чацьвёра дзяцей. Жонка дыплямата — журналістка, вядзе папулярную праграму на літоўскім тэлебачаньні. У літоўскім генэральным кансуляце ў Горадні спадар Пацюнас працаваў зь мінулага году.

Нагадаем, сёлета ў ноч на 6 красавіка ў шпіталі Беластоку памёр намесьнік польскага консула ў Горадні Рышард Бадонь-Легр. 22 сакавіка Рышарда Бадонь-Легра знайшлі непрытомным у ягонай кватэры ў Горадні. Беластоцкія лекары адзначылі апёкі і ўнутрычарапны крывацёк і паінфармавалі пра гэта пракуратуру, якая адразу пачала сьледзтва. Сьледчыя не выключалі, што апёкі на целе памерлага дыплямата маглі зьявіцца ў выніку ўдару электрашокерам. Тады Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла, што ў іх няма інфармацыі пра тое, што дыплямат стаў ахвяраў злачынцаў.