Наваполацкі суд адмовіўся прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасьці

Радыё Свабода Сёньня наваполацкія актывісты Валеры Шаўчэнка ды Ігар Сухарукаў атрымалі адказ зь мясцовага суду. Актывісты зьвярталіся туды са скаргай на дзеяньні кіраўніцтва мясцовага гарвыканкаму, які не дазволіў правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітвязьняў на пляцоўцы каля гарадзкога палацу культуры.
Актывісты патрабавалі прыцягнуць кіраўніцтва гарвыканкаму да адміністрацыйнай адказнасьці за самаўпраўства і парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў. Суд вярнуў скаргу заяўнікам з тлумачэньнем, што для прыцягненьня службовых асобаў да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 167 (самаўпраўства) і 167-7 (невыкананьне службовай асобай заканадаўства аб зваротах грамадзянаў) КоАПП неабходна зьвяртацца ў органы ўнутраных справаў для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні.