Ці спакойна ў беларускім небе?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Авіякатастрофа пад Данецкам зноў закранула пытаньне пра надзейнасьць беларускіх самалётаў, большасьць зь якіх расейскай вытворчасьці й зь вялікім тэрмінам налёту.
Ці паўплывала на дзейнасьць беларускіх авіятараў катастрофа расейскага самалёта “Ту-154”, якая 22 жніўня адбылася пад Данецкам? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да памочніка кіраўніка “Белавія” Ігара Чаргінца. Супрацоўнік “Белавія” паведаміў, што як учора 22 жніўня, гэтак і сёньня абстаноўка на беларускіх авіялініях і ў аэрапортах краіны звычайная: самалёты выконваюць прызначаныя рэйсы, дыспэтчары кантралююць палёты, квіткоў прададзена ня менш, чым у папярэднія дні. Інакш, паводле Ігара Чаргінца, і быць не магло.

(Чаргінец: ) “У нашых авіякампаніях, у расейскіх, у кампаніях краінаў СНД, Эўропы — паўсюль аднолькавая працэдура. Калі, ня дай Бог, адбылася такая катастрофа, ці нават проста інцыдэнт, спачатку праводзяць расьсьледаваньне, і толькі потым ягоныя вынікі рассылаюць па ўсім сьвеце тым, хто карыстаецца гэтым відам самалётаў”.

У “Белавія” разам каля 50 самалётаў, зь іх чатыры “Ту-154”, паведаміў “Свабодзе” Ігар Чаргінец. Паводле яго, гэтыя самалёты яшчэ лятаюць, але ўжо вырашана паступова іх замяняць амэрыканскімі “Боінгамі”, якія навейшыя і больш надзейныя. Калі адбудзецца замена, супрацоўнік авіякампаніі не ўдакладніў.

Сярод магчымых прычынаў авіякатастрофы пад Данецкам, у якой загінулі 170 чалавек, называюць маланку, што магла патрапіць у самалёт. Але ці магчыма такое на вышыні 11 кілямэтраў? У беларускім Гідрамэтэацэнтры мне паведамілі, што высокія навальніцы над тэрыторыяй краіны здараюцца, і таму пападаньне маланкі ў самалёт, які ляціць над Беларусьсю, верагоднае.

(Супрацоўніца: ) “Канечне, магчыма! Бываюць такія моцныя франты, асабліва, калі халодныя й цёплыя слаі паветра сутыкаюцца. У нас вышынёй да 16 кілямэтраў бываюць навальніцы”.

Не адкідаецца і вэрсія тэракту, у выніку якога самалёт выбухнуў. Паводле сьведкаў, за некалькі хвілінаў да падзеньня “Ту-154” гарэў. Ужо паведамляецца, што знайшлі чорныя скрыні, якія дапамогуць высьветліць прычыну здарэньня.

Напярэдадні падзеньня расейскі “Ту-154” праляцеў недалёка ад Данецку. Ці мог ён упасьці на гэты горад і ці моцна рызыкуюць жыхары вялікіх гарадоў, у тым ліку Менску? У прадпрыемстве “Белавіянавігацыя” запэўнілі, што ўсе маршруты самалётаў пракладзеныя гэтак, каб зьвесьці да мінімуму рызыку падзеньня на горад.

Беларускія афіцыйныя крыніцы ўжо заявілі, што на борце самалёта, які разьбіўся пад Данецкам, грамадзянаў Беларусі не было.

Варта адзначыць, што авіякатастрофаў з удзелам беларускіх самалётаў няшмат. У гісторыі нацыянальнага авіяперавозчыка “Белавія” ўвогуле няма падобных выпадкаў. Можна згадаць самалёт “Ан-24” зь беларускім экіпажам, які ў 1998 годзе быў зьбіты паўстанцамі ў Шры-Лянцы, ды ў 1986 годзе ў Нямеччыне з-за дрэнных мэтэаўмоваў разьбіўся беларускі “Ту-134”. Найбуйнейшая катастрофа ў беларускім небе адбылася ў 1981 годзе, калі пад Менскам разьбіўся самалёт, які ляцеў у Ленінград.