“Для глядзельнікаў на гэтыя ігры спецыяльна быў пабудаваны аграмадны стадзіон (stadjon), на якім магло адначасна памясьціцца больш 100 тыс. асоб” (1936)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 22 жніўня
“Беларуская крыніца”, 1926 год:

“Гарэлка ёсьць страшная атрута, ніякай карысьці нікому не дае, шкодзіць, нішчыць здароўе, сілу чалавека, дзяцей і таксама шкодзіць траўцы, расьлінкам, зерняткам, жучкам… Калі мы да яйкаў пад курыцай-сядухай дамо крышку пары алкаголю, то ўсе курчакі, якія курыца высядзіць, будуць калекамі. Дык вон, далоў з нашых хат, вёсак, мястэчак алкаголь, гарэлку, піва”.

“Беларуская крыніца”, 1936 год:

“Ад 1—16 жніўня сёлета ў Бэрліне адбываліся спартовыя ігры ХІ Олімпіяды. У гэтых іграх прымала ўчасьце каля 5 тысяч ігракоў 53 розных нацыяў. Для глядзельнікаў на гэтыя ігры спецыяльна быў пабудаваны аграмадны стадзіон (stadjon), на якім магло адначасна памясьціцца больш 100 тыс. асоб. Адкрыцьцё іграў адбылося надта ўрачыста. Адкрыў іх сам канцлер Гітлер кароткай прамовай, у каторай падчыркнуў вялікае значэньне мірнага збліжэньня народаў сьвету між сабой”.

“Рэспубліка”, 1996 год:

“У адным з лепшых кінатэатраў беларускай сталіцы — “Маскве” — адбылася прэм’ера новай стужкі кінастудыі “Беларусьфільм”. Юрый Цвяткоў, намеснік міністра культуры… ахарактарызаваў карціну як не камерцыйную. Яна называецца “Птицы без гнезд” і прысвечана лёсу беларускай паэткі Ларысы Геніюш… Рэжысёр-пастаноўшчык карціны Віталь Дудзін прызнаўся, што пад час працы над ёй ён быў прымушаны закахацца ў сваю галоўную гераіню… У аснову фільма пакладзены мемуары Ларысы Геніюш, ролю якой выконвае Таццяна Кавалеўская”.