Вацлаў Гавал патрабуе вызваліць беларускіх палітзьняволеных

Радыё Свабода, Прага Міжнародная арганізацыя “Грамадзянская Беларусь” (са штабам у Празе) распаўсюдзіла зварот адносна лёсу сябраў арганізацыі “Партнэрства”. Прыкметна, што Вацлаў Гавал і іншыя сябры арганізацыі зрабілі гэта ў гадавіну ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну.
У тэксьце гаворыцца, што 4 жніўня Цімафей Дранчук, Аляксандар Шалайка, Мікалай Астрэйка і Эніра Браніцкая былі пакараныя пазбаўленьнем волі на тэрмін ад шасьці месяцаў да двух гадоў. “Грамадзянская Беларусь” заяўляе, што гэтым прысудам беларускі рэжым парушыў ня толькі міжнародныя нормы, але і ўласныя законы.

Заяву падпісалі вядомыя ў Чэхіі палітыкі, праваабаронцы і грамадзкія дзеячы – Вацлаў Гавал, былая сакратарка Хартыі-77 Ганна Шабатава, сэнатар Карэл Шварцэнбэрг, адзін з актывістаў Хартыі-77, былы міністар і сэнтара Ян Румл, рэжысэр Ігар Блажэвіч.

“Нам шкада, што беларускі суд на загад зьверху асудзіў гэтых мужных маладых людзей, якія паспрабавалі рэалізаваць сваё права назіраць за хадой выбараў, -- гаворыцца ў заяве. – Зьвяртаемся да беларускага рэжыму з тым, каб выпусьціў ня толькі гэтых несправядліва асуджаных, але і іншых палітычных вязьняў”.