<B>Алег Трусаў: “Развал Савецкага Саюзу быў бы крывавы”</B>

Радыё Свабода Што чакала б Беларусь у выпадку перамогі путчыстаў? Дэпутат Вярхоўнага Савету з 1990 па 1995 гады Алег Трусаў зьдзіўляецца легкаважнасьці асобных людзей, якія цяпер кажуць недарэчныя рэчы, што, маўляў, калі б перамог ГКЧП, то было б лепей.
(Трусаў: ) “Чакала б жахлівая грамадзянская вайна, у якую быў бы ўцягнуты Савецкі Саюз, тысячы ахвяраў, разбурэньні. Пачалася б вайна на Ўкраіне, Прыбалтыцы, і захапілі б нас, і загінулі б тысячы, а можа і дзясяткі тысяч людзей. Гэта значыць, нас чакала Югаславія. Развал Савецкага Саюзу быў бы крывавы, такі, як у Югаславіі, але, улічваючы магутнасьць, значна большыя былі б ахвяры, чым у Югаславіі.

Па-першае, былі гатовыя сьпісы, каго арыштаваць, каго расстраляць. Я, напрыклад, быў у сьпісах на расстрэл. Велізарная колькасьць людзей мела быць вывезеная ў Сібір. Вагоны ў Менск ужо прыйшлі. Гэты вагон закратаваны я бачыў на свае вочы, і яго здымак Навумчык надрукаваў у сваёй кнізе. Так што спадар Лукашэнка ў найлепшым выпадку асвойваў бы Калыму альбо будаваў бы саўгас у ваколіцах Магадану. Ну, а апазыцыя была б хутчэй за ўсё расстраляная. Усё гэта было, былі сьпісы, былі вагоны з кратамі...”