У Берасьці прыпыненая галадоўка ўладальнікаў маршрутных таксі

Радыё Свабода Удзельнікі галадоўкі ў Берасьці 17 жніўня прыпынілі акцыю пратэсту. Пра гэта паведаміла БелаПАН брэсцкая прадпрымальніца Любоў Лаўруковіч.
Паводле яе слоў, гэта абумоўлена тым, што ў чацьвер удзельнікі галадоўкі здалі ў аблвыканкам усе неабходныя дакумэнты, якія 18 жніўня будуць накіраваны ў Мінск для разгляду. "Датуль, пакуль мы не даведаемся аб выніку, галадоўка прыпынена. Калі нас не вызваляць ад аплаты рахункаў за аўтамабілі, увезеныя да прыняцьця ўказа № 140, акцыя пратэсту будзе адноўлена. Для гэтага будзем прасіць мясцовыя ўлады выдзеліць нам памяшканьне. Мы настроены ісьці да канца. Па-першае, прад''яўленыя нам да аплаты рахункі незаконныя, па-другое, у нас няма магчымасьці аплаціць іх. Сумы складаюць ад 20 да 80 млн. рублёў. Яшчэ раз падкрэсьліваю, што наша акцыя не мае ніякай палітычнай падаплёкі. Гэта эканамічнае пытаньне, якое трэба вырашыць. Закон не мае зваротнай сілы", - заявіла Л.Лаўруковіч.

Бястэрміновая галадоўка пачалася ў Берасьці 5 ліпеня. Уладальнікі маршрутных таксі, члены іх сем''яў, вадзіцелі пратэстуюць супраць трактоўкі ўказу прэзыдэнта Беларусі № 140 ад 22 сакавіка 2004 года аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай, згодна з якой указ прымяняецца да аўтамабіляў, увезеных на тэрыторыю краіны да яго прыняцьця. Усяго ў акцыі пратэсту бралі ўдзел 15 чалавек: уладальнікі маршрутных таксі, члены іх сем''яў, вадзіцелі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынку Брэста. У падтрымку ўдзельнікаў галадоўкі было сабрана 120 подпісаў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках.

2 жніўня ўдзельніца галадоўкі Любоў Разановіч зьвярнулася да прэзыдэнта краіны з адкрытым лістом, у якім прасіла "прадухіліць чалавечую трагедыю" і дапамагчы прадпрымальнікам. 8 жніўня ў стане сярэдняй ступені цяжкасьці ў выніку галаданьня і абязводжваньня арганізма Разановіч была дастаўлена ў Цэнтральную гарадзкую бальніцу Брэста, дзе была вымушана спыніць сухую галадоўку. 9 жніўня акцыю пратэсту завяршылі яшчэ пяць чалавек. Да 17 жніўня ў галадоўцы бралі ўдзел дзевяць чалавек.