Латвійскі дыплямат Рэйма Шмітс ня вернецца ў Менск

Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства замежных справаў Латвіі не задаволенае тлумачэньнямі беларускага боку што да ператрусу ў кватэры другога сакратара амбасады гэтай краіны ў Менску Рэйма Шмітса. Латвійскі бок чакае ад Беларусі паданьня ўсіх відэа-, аўдыё- і пісьмовых матэрыялаў і вычарпальных тлумачэньняў у гэтай справе.
Другі сакратар амбасады Латвіі ў Беларусі Рэйма Шмітс на працу ў Менск ня вернецца. Пра гэта паведаміў дзяржаўны сакратар замежнапалітычнага ведамства Латвіі Нормундс Пэнке падчас паседжаньня парлямэнцкай фракцыі партыі “Айчына й Свабода”. Цяпер спадар Шмітс знаходзіцца ў адпачынку, а пасьля, хутчэй за ўсё, будзе працягваць дыпляматычную працу ў якой-небудзь іншай краіне. Прычынаў такога рашэньня ў МЗС Латвіі не паведамляюць.

Замежнапалітычнае ведамства Беларусі перадало латвійскаму боку афіцыйную ноту адносна ператрусу беларускай міліцыяй у кватэры дыплямата ў Менску. У ёй, у прыватнасьці, гаворыцца, што “Беларусьсю не было дапушчана парушэньняў нормаў міжнароднага й нацыянальнага права”. Паводле беларускага боку, былі ўчыненыя “правамерныя дзеяньні праваахоўчых органаў для забесьпячэньня законнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І яны ніякім чынам не былі скіраваныя супраць Латвіі й яе дыплямата”.

Беларускі бок таксама патлумачыў, што міліцыянтамі “з санкцыі пракурора праводзіліся мерапрыемствы для спыненьня распаўсюджваньня парнаграфіі”. МЗС Беларусі даводзіць: на момант правядзеньня гэтага мерапрыемства міліцыянты ня ведалі пра дыпляматычны статус Рэйма Шмітса, а дамова арэнды кватэры не была ім аформленая, таму на яе й не распаўсюджваліся артыкулы Венскай канвэнцыі пра дыпляматычныя адносіны.

Міністэрства замежных справаў Латвіі заяўляе, што ўсе абвінавачаньні афіцыйнага Менску не адпавядаюць сапраўднасьці. Латвія патрабуе ўсе матэрыялы гэтай справы.

Гаворыць супрацоўнік прэсавай службы латвійскага замежнапалітычнага ведамства Андрыс Якабсонс:

(Якабсонс: ) “Мы чакаем матэрыялаў адносна таго, што гаворыцца ў гэтай ноце, – відэаматэрыялаў ды іншага. Чакаем убачыць усё тое, што тычыцца гэтых здымкаў, і гэтак далей”.

Пакуль беларускі бок не падасьць дадатковых матэрыялаў ў справе ператрусу ў кватэры латвійскага дыплямата, міністар замежных справаў Латвіі Артыс Пабрыкс ня мае намеру сустракацца з новым амбасадарам Беларусі ў Рызе Аляксандрам Герасіменкам.

Андрыс Якабсонс працягвае:

(Якабсонс: ) “У нашай краіне такая дыпляматычная практыка: новыя амбасадары спачатку сустракаюцца з прэзыдэнтам, потым ідуць да нас у МЗС, сустракаюцца зь міністрам і дзяржаўным сакратаром, а пасьля наведваюць Сэйм. Артыс Пабрыкс сказаў, што ня прыме амбасадара, і гэта, адпаведна, адаб’ецца ня толькі на працы амбасадара, але й амбасады наагул”.

Беларускі амбасадар Аляксандар Герасіменка цяпер знаходзіцца ў Рызе. Там жа на кансультацыях знаходзіцца й амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора.

Ці атрымае латвійскі бок дадатковыя матэрыялы ў гэтай справе, невядома. Кіраўніца аддзелу прэсавай службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына сказала, што ня можа дадаць нічога да афіцыйнай ноты свайго ведамства.