Пракуратура Менску дала адказ на заяву Аляксандра Казуліна

Радыё Свабода У заяве, дасланай у пракуратуру Менску, зьняволены экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі інфармаваў пра незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьняў у часе выбарчай кампаніі й патрабаваў зрабіць захады да пракурорскага рэагаваньня. Пракурор Менску Мікалай Кулік у адказе спадару Казуліну адмовіўся заводзіць з гэтых фактаў крымінальныя справы.
Аляксандар Казулін азнаёміўся з пракурорскім адказам у камэры сьледчага ізалятару. Вязьню не дазволілі пакінуць сабе арыгінал ці копію гэтага дакумэнту – і Казулін напісаў адпаведную скаргу начальніку СІЗА. Як разважыў адвакат засуджанага экс-кандыдата Ігар Рынкевіч, Аляксандар Казулін бачыць у адмове пракуратуры своеасаблівую засьцярогу ад будучай адказнасьці: не пакідаючы нікому дакумэнтаў з подпісамі, лягчэй пазьбегнуць потым адказнасьці за ўчыненае.

Сам спадар Рынкевіч лічыць, што пракуратура ня можа прызнаць вінаватымі спэцназаўцаў, бо ў такім выпадку, паводле адваката, разбураецца вэрсія сьледзтва пра Аляксандра Казуліна як “прафэсара-хулігана”.

Нядаўна спадар Казулін азнаёміўся з пратаколам судовага паседжаньня й заўважыў супярэчнасьці ды недакладна апісаныя факты. Адвакаты Аляксандра Казуліна зьбіраюцца хадайнічаць пра далучэньне да матэрыялаў справы фанаграмы судовага паседжаньня на кампутарным кампакт-дыску.