Латвійскае МЗС: абвінавачваньні супраць дыплямата Шмітса непраўдзівыя

Радыё Свабода Заява беларускага МЗС адносна таго, што “беларускія міліцыянты не зрабілі нічога супрацьпраўнага і не парушылі ніякага міжнароднага права ў дачыненьні да латвійскага дыплямата” стала першым афіцыйным адказам беларускага зьнешнепалітычнага ведамства на фармальную скаргу супрацоўніка латвійскай амбасады Рэйма Шмітса. Так пракамэнтавала распаўсюджаныя ў аўторак БелТА выказваньні кіраўніцы прэсавай службы беларускага МЗС Марыі Ваньшынай яе латвійская калега Дыяна Эглітэ.
У размове зь нямецкай агенцыяй "Deutsche Presse-Agentur" (dpa) Дыяна Эглітэ падкрэсьліла, што выстаўленыя Менскам абвінавачваньні супраць дыплямата Шмітса не адпавядаюць рэчаіснасьці. Напрыклад, сьцьвярджэньне, што Шмітс дакумэнтальна не зафіксаваў прававы статус кватэры як рэзыдэнцыі дыплямата. “Дагавор на арэнду кватэры быў складзены ў адпаведнасьці з усімі мясцовымі адміністрацыйнымі патрабаваньнямі”, заявіла Дыяна Эглітэ.

Латвійскае МЗС настойвае на тым, што беларускія ўлады сфабрыкавалі справу Рэйма Шмітса. Латвія – адна з тых краінаў Эўразьвязу, якія робяць ціск на аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, аказваюць актыўную падтрымку беларускай апазыцыі.

Дзеяньні Менску ў дачыненьні да латвійскага дыплямата ўжо скрытыкавалі цяперашняе фінскае прэзыдэнцтва Эўразьвязу і МЗС Францыі, перадае dpa.