Дэмакраты аб’ядноўваюцца для ўдзелу ў мясцовых выбарах

Уладзімер Глод, Менск Беларускія дэмакраты выступаюць за тое, каб ісьці на мясцовыя выбары не паасобку, а адзіным блёкам. Другая прынцыповая пазыцыя – канкрэтны фармат выбарчай кааліцыі вызначаюць ня ў цэнтры, а ў рэгіёнах. Гэтыя палажэньні атрымалі падтрымку і на дыскусіі, якую правёў учора актыў Аб''яднанай грамадзянскай партыі.
Кіраўнік выканкаму АГП Сяргей Альфер падкрэсьлівае, што кааліцыйная праца – вельмі ўдалая форма сумесных дзеяньняў зь іншымі дэмакратычнымі суб''ектамі:

(Альфер:) "І таму на выбары мы пойдзем абавязкова ва ўсіх рэгіёнах у кааліцыі з тымі ці іншымі суб''ектамі. У розных рэгіёнах фармат такіх кааліцый можа адрозьніваецца – ад вельмі вялікіх, прыкладам, як у Магілёве, дзе ўжо існуюць 12 суб''ектаў, да Магілёўскай вобласьці, дзе наша партыя падпісала сумесную дамову яшчэ з дзьвюма партыямі".

Сапраўды, на Магілёўшчыне дакумэнтальна зафіксаванае пагадненьне паміж АГП, партыяй камуністаў Сяргея Калякіна і сацыял-дэмакратаў Аляксандра Казуліна. У Віцебскай вобласьці будуць працаваць разам кандыдаты ад партыяў Калякіна і Казуліна. Сябра ЦК БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч лічыць: гэта стала магчымым таму, што цэнтар дае мясцовым партыйным філіям куды больш свабоды дзеяньняў, чым на папярэдніх выбарах:

(Сідарэвіч:) "Мы нікога не падганяем і не кіруем гэтым працэсам. Мы толькі, як кажуць, намякаем. А астатняе ўсё робяць і вырашаюць рэгіяналы, бо хто лепш ведае сытуацыю на месцах: мы ці яны?"

Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Леў Марголін спадзяецца, што ў вобласьці ўтворыцца шырокі блёк:

(Марголін:) "Я вяду перамовы з кіраўнікамі іншых партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. На мой погляд, зь іх боку таксама ёсьць паразуменьне. Але ёсьць і праблема – ня ўсе магчымыя партнэры маюць у вобласьці афіцыйна зарэгістраваныя арганізацыйныя структуры. А калі структура ёсьць, дык часам там якраз цяпер ідзе перавыбарная кампанія. Так што не паўсюдна ёсьць з кім размаўляць канкрэтна".

Я пацікавіўся, якія найперш аргумэнты падштурхоўваюць дэмакратаў да яднаньня. Анатоль Сідарэвіч гаворыць на гэты конт так:

(Сідарэвіч: ) "Першае, каб не таўкліся ў адной акрузе, як гэта было на папярэдніх выбарах. Другое – можна будзе аб''яднаць людзкія ды матэрыяльныя рэсурсы, калі знаходзіцца сур’ёзны чалавек, гатовы змагацца за месца ў савеце".