“Міжнародная амністыя” прызнала актывістаў “Партнэрства” вязьнямі сумленьня

Радыё Свабода Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала арыштаваных актывістаў “Партнэрства” Мікалая Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку вязьнямі сумленьня й запатрабавала іхнага вызваленьня – гаворыцца ў заяве на афіцыйным інтэрнэт-сайце арганізацыі.
Грамадзкая камісія “Свабоду Казуліну!” абнародавала юрыдычны камэнтар да абвінавачаньня, выстаўленага ўладамі экс-кандыдату на прэзыдэнта. У ім адзначаецца, што “суровы прысуд носіць выразна акрэсьлены палітычны характар і супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права”. Таму камісія патрабуе перагляду справы Аляксандра Казуліна й апраўданьня палітыка. Сябра камісіі Алег Волчак тлумачыць, навошта спатрэбіўся гэткі дакумэнт:

(Волчак: ) “Сьледзтва, са свайго гледзішча, дало ацэнку дзеяньням экс-кандыдата на прэзыдэнта Казуліна, а мы – незалежныя юрысты – са свайго. Альтэрнатыўнае заключэньне патрэбна, каб людзі маглі зразумець, што насамрэч адбылося”.

Сёньня да камісіі, якая падтрымлівае Аляксандра Казуліна, далучыліся маці Мікалая Астрэйкі й бацька Цімафея Дранчука – актывістаў арганізацыі “Партнэрства”, асуджаных за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, што была створана для назіраньня за выбарамі. Бацька Цімафея Дранчука, Валер, перакананы: далучэньне да грамадзкага расьсьледаваньня ёсьць правільным крокам:

(Валер Дранчук: ) “Я думаю, што справа Казуліна й справа “Партнэрства” – абсалютна ўзаемазьвязаныя справы. Абедзьве яны канстытуцыйна не матываваныя: парушэньні і там, і там. Што датычыць правоў абароны, дык яны не былі забясьпечаны. У абодвух выпадках шмат парушэньняў. Калі справа Казуліна была яшчэ й спробай сілаў з боку ўлады, дык у справе “Партнэрства” мне бачна бязьмежжа бяспраўя. Нашых дзяцей, выглядае, узялі ў закладнікі. І гэтае закладніцтва для Міколы Астрэйкі будзе доўжыцца два гады, для майго сына Цімафея – год. Таму, мне падаецца, нам трэба яднаць намаганьні ў справе абароны бяспраўных людзей”.

* * *

Праз тыдзень скончыцца палова тэрміну, які адбывае ў папраўчай калёніі Сяргей Скрабец – кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Ён асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Суд прызнаў Скрабца вінаватым у выманьваньні крэдытаў. Аднак і сам асуджаны, і праваабаронцы гавораць пра палітычную матывацыю зьняволеньня. Улетку 2004 году спадар Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў групы “Рэспубліка”, якія патрабавалі зьменаў у Выбарчы кодэкс і вызваленьня Міхаіла Марыніча. Сяргей Скрабец таксама быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

Днямі Сяргея Скрабца, які адбывае пакараньне ў Віцебскай вобласьці, наведала ягоная маці. І вось што ад яе даведалася пра стан здароўя асуджанага ягоная жонка, Аляксандра:

(Аляксандра Скрабец: ) “Апошнімі днямі, калі пайшлі дажджы, у яго крыху саслабла алергія. Але ж твар вельмі зьбялелы. Ён амаль не выходзіць на вуліцу, бо як выйдзе, – адразу страшэнна выбухае алергія".

Яна таксама адзначыла, што спадар Скрабец цяпер шмат чытае – пераважна беларускую й расейскую клясыку.

Усяго ў Беларусі праваабаронцы цяпер налічваюць каля 20 чалавек, якіх утрымліваюць у няволі з палітычных прычынаў.