А.Лукашэнка прызначыў В.Даўгалёва паслом Беларусі ў Расеі

Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка прызначыў сёньня Васіля Даўгалёва надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі.
З сакавіка 2004 году Даўгалёў працаваў у Маскве на пасадзе віцэ-прэм’ера — паўнамоцнага прадстаўніка беларускага прэзыдэнта ў Расеі.

Васілю Даўгалёву цяпер 55 гадоў. Паводле адукацыі — інжынэр. У 1990 годзе з пасады намесьніка дырэктара рагачоўскага заводу “Дыяпраектар” быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня, дзе афіцыйна не далучаўся ні да воднай з фракцыяў.

Падчас падрыхтоўкі да першых прэзыдэнцкіх выбараў уваходзіў у каманду Генадзя Карпенкі. Пасьля таго, як Карпенка ня змог удзельнічаць у выбарах, Даўгалёў далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Па перамозе Лукашэнкі Даўгалёў пачаў хуткую кар’еру — быў кіраўніком службы кантролю прэзыдэнта Беларусі, намесьнікам старшыні ўраду, паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Беларусі ў органах саюзу Беларусі й Расеі, намесьнікам старшыні выканкаму гэтага саюзу. Пры канцы 2000 году Аляксандар Лукашэнка па прэзыдэнцкай квоце зрабіў Васіля Даўгалёва (на той час старшыню Берасьцейскага аблвыканкаму) сябрам Савету Рэспублікі.