У Нямеччыне пакажуць фільм паводле аповесьці Алеся Адамовіча

Радыё Свабода Паводле нямецкай “Welt am Sonntag” і шэрагу іншых выданьняў, шлях расейскай карціны "Франц+Паліна" да шырокага нямецкага гледача стаў магчымым дзякуючы намаганьням выканаўца ролі Франца, маладога бэрлінскага актора і прадусара Адрыяна Топаля.
На думку актора, гэтая гісторыя каханьня салдата вэрмахта і беларускай дзяўчыны будзе запатрабаванай прадстаўнікамі маладога пакаленьня як у Нямеччыне, так і ў іншых эўрапейскіх краінах.

Журналісты пішуць, што Адрыян Топаль мае беларуска-польскія карані. Ён нарадзіўся ў 1982 годзе ў Польшчы. Калі яму споўнілася 8 год, ягоныя бацькі пераехалі ў Нямеччыну. Акторскую адукацыю Адрыян атрымаў у Штутгарце, апошнім часам жыве ў Бэрліне, вельмі любіць гэты горад і як большасьць жыхароў мэгаполісу лічаць сябе бэрлінцам. Гэтаксама як і герой фільму Франц, Адрыян Топаль ня ведае ні расейскай, ні беларускай мовы… Хаця літаратурны Франц з аповесьці Алеся Адамовіча “Нямко” выдатна ведае расейскую мову і літаратуру, нават разважае пра Дастаеўскага…

Шмат год таму Алесь Адамовіч на просьбу аднаго з рэжысэраў напісаў кінасцэнар паводле сваёй аповесьці “Нямко”. Аднак падобная гісторыя каханьня не адпавядала існуючым ідэалягічным патрабаваньням і не была зацьверджаная мастацкім саветам.

Аўтары сцэнару “Франц+Паліна” - рэжысэр Міхаіл Сэгал і беларускі пісьменьнік Уладзімір Сьцепаненка - на згоду дачкі Адамовіча Натальлі перарабілі літаратурную аснову, пакінуўшы пры гэтым галоўную калізію. Салдаты вэрмахту ў часе акупацыі Беларусі спыняюцца ў хаце, дзе жывуць дзяўчына Паліна і яе маці. Паміж Францам і Палінай узьнікае каханьне. Усё разьвіваецца як мае быць, пакуль немцы ня паляць вёску. Франц вымушаны хавацца ад ўсіх - немцаў, партызанаў, уласаўцаў (аднаго зь іх іграе прадусар гурту “Ляпіс Трубецкой” Яўген Калмыкоў ) і выдаваць сябе за глуханямога брата Паліны.

Адрозна ад літаратурнага прататыпу, кіношны Франц далёка не такі інтэлектуал, ён тыповы для свайго часу малады нямецкі вайсковец, магчыма, учорашні сябр “гітлерюгэнд”. Сам актор Адрыян Топаль цалкам пагаджаецца з такой трактоўкай. Ён зь дзяцінства памятае шмат савецкіх і польскіх фільмаў пра вайну і лічыць, што немцы там нярэдка выглядалі надумана і прымітыўна. У жыцьці, усё было і прасьцей, і складаней…

У часе здымкаў, якія вяліся пад Менскам, была пабудаваная дакладная дэкарацыя вёскі. Адрыян Топаль узгадвае, што гэта была вельмі халодная зіма, калі на вуліцы было мінус 20 і болей. Аднойчы яму стала зусім кепска ад холаду, і тады хтосьці з апэратараў прапанаваў гарэлку. Потым Адрыян Топаль падлічыў, што прыкладна за адзін працоўны тыдзень ён выпіў амаль 7 літраў гарэлкі. Гэта было зашмат, ён адчуў тады надзвычайную фізычную і псыхічную стомленасьць і ў выніку зразумеў некаторыя прычыны нямецкай паразы ў часе другой усясьветнай вайны. Топаль таксама ўзгадвае, як рэжысэр Міхаіл Сэгал (дарэчы, дэбютант у мастацкім кіно, які дагэтуль рабіў кліпы “Бі-2” “Начных снайпераў” і рэклямныя ролікі для ІКЕА), на працягу тыдняў не дазваляў актору здымаць салдацкіх штаноў, нават прымушаў спаць у іх. Усе дзеля таго, каб гэтыя нагавіцы атрымалі “патрэбны выгляд”. Таксама Сэгал накіроўваў немца да беларускіх вайскоўцаў браць урокі страявой падрыхтоўкі… Топаль кажа, што з гэтага гледзішча “Франц+Паліна “зроблены з сапраўдным эўрапейскім пэрфэкцыянізмам".