Як гарадзенцы ацэньваюць прысуд Аляксандру Казуліну?

Міхал Карневіч, Горадня Былога кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна 13 ліпеня асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. “Як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну?" – такое пытаньне карэспандэнт "Свабоды" задаваў мінакам на вуліцах Горадні.
(Хлопец: ) “Адмоўна. Таму што ў нас дзяржава такая, дзе судзяць ні за што”.

(Дзяўчына: ) “Калі казаць пра гуманныя нормы, то справядліва асуджаныя — гэта нармалёва, а калі бяздоказна — значыць, гэта няправільна. Думаю, усе гэта разумеюць”.

(Спадар: ) “Калі зарабіў, то зарабіў. Значыць, нешта няправільна рабіў”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, вельмі жорсткі прысуд. Але калі судзяць сваіх палітычных супернікаў і судзяць не за тое, што яны зрабілі нешта дрэннае, а як палітыкаў… А гэты прысуд чыста палітычны. За тое, што ён зрабіў, — разьбіў той партрэт, за гэта такі прысуд ня варта”.

(Спадарыня: ) “Чытала, сачыла, але ў палітыку ня лезу”.

(Спадар: ) “Я б сказаў, што ён атрымаў па заслугах. І мне ягоная палітыка не падабалася”.

(Спадар: ) “У нас суд нясправядлівы, і таму цяжка нешта казаць. Зрэшты, хто не патрэбны — той і будзе сядзець. У нас такая дзяржава”.

(Спадарыня: ) “Зашмат далі, можна было трохі меней”.

(Спадар: ) “Там нешта было перад выбарамі, але я ў гэтыя справы ня лезу, мне да палітыкі далёка, я вясковы чалавек, мне добра па-любому”.

(Спадарыня: ) “Мне яго выказваньні вельмі не падабаліся, і ўсёй нашай сям’і”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ён атрымаў па заслугах, хай сядзіць і ведае сваё месца”.

(Спадарыня: ) “Па вялікім рахунку, за такое і на такі тэрмін нельга садзіць у вязьніцу. Гэта вельмі жорсткі прысуд”.

(Спадарыня: ) “Так, як было напісана ў газэтах, то можна было зразумець, што ён вінаваты ў гэтым”.

(Дзяўчына: ) “Я гэта ацэньваю як незаконны прысуд. Ён жа быў кандыдатам у прэзыдэнты. Нельга так судзіць, гэта ж вялікі тэрмін. І да таго, гэта незаконна”.