Алаіза Пашкевіч (Цётка) (15.7.1876, фальварак Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) — 17.2.1916, вёска Стары Двор (Шчучынскі раён))

Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.
У беларускай літаратуры няма Дзядзькі, а вось Цётка — ёсьць, што яшчэ раз па-свойму падкрэсьлівае выбітную ролю нашых жанчын у лёсе Бацькаўшчыны ад часоў Рагнеды. Алаіза Пашкевіч, якая ўзяла сабе такі цёплы псэўданім, безумоўна застанецца ў гісторыі самай знакамітай і яркай жанчынаю нацыянальнага Адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя.

У пражытыя ёю сорак гадоў зьмясьцілася б, здаецца, некалькі доўгіх жыцьцяў.

Адна з заснавальніц нашай першай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады.

Бліскучая выступоўка на рэвалюцыйных мітынгах і сходах, віленская кватэра якой была месцам сустрэч беларускіх інтэлектуалаў.

Ахвярная фэльчарка й сястра міласэрнасьці, што трымала ў сутарэньнях сваёй лякарні шапірограф, на якім у 1905-м быў памножаны ейны верш “Вера беларуса”:

Веру, братцы, ў нашу сілу, Веру ў волі нашай гарт: Чую агонь ў нас — ня брыну, Бачу, братцы, мы ня з карт, Мы ня з гіпсу, мы — з каменьня, Мы — з жалеза, мы — са сталі, Нас кавалі у пламеньні, Каб мацнейшыя мы сталі...

Эмігрантка, якая скарыстала шэсьць гадоў расстаньня з Радзімаю на вывучэньне філязофіі, гісторыі й філялёгіі ў Львоўскім і Кракаўскім унівэрсытэтах.

Аўтарка выдадзеных пад Львовам, у тагачаснай Аўстра-Вэнгрыі, двух зборнікаў — “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”, якія сталі клясыкай.

Вандроўніца па Італіі, Нямеччыне, Фінляндыі й Швэцыі.

Аўтарка “Нашай долі” і “Нашай нівы”.

Акторка ў першай беларускай тэатральнай трупе Ігната Буйніцкага.

Заснавальніца падпольных беларускіх школак і першага беларускага часопісу для дзяцей і падлеткаў “Лучынка”.

Арлы-брацьці, дайце скрыдлы, Бо унізе жыць мне збрыдла, Кіньце кожны адно пёрка, Бо жыць ўнізе стала горка...

Арлы ці анёлы скінулі ёй пёркі ў 1916-м, калі Цётка, лекуючы аднавяскоўцаў ад тыфусу, не ўратавалася сама.

Заўтра — 130 гадоў з дня яе нараджэньня.