Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.
Вы ўяўляеце, як прыемна вандроўніку зь Беларусі, што ўсяго на тыдзень прыехаў у ЗША, выпадкова сустрэць на ранішнім Мангэтане добрую знаёмую? Асабліва калі гэтая знаёмая — родная пляменьніца Івана й Антона Луцкевічаў і бабуля сьпевака Данчыка Яніна Каханоўская, якую, яшчэ зусім маленькую, вазіў на сабе, як конік, Максім Багдановіч.
Яе мама Эмілія хадзіла ў тую самую школу, што і царскія дочкі. Яніна вучылася ўжо ў савецкай школе, але беларуская незалежніцкая атмасфэра ў сям’і зводзіла на нішто ўсе спробы ідэалягічных прышчэпак. Апынуўшыся ўлетку 1950-га у нью-ёрскім Гарлеме, Яніна ня ведала ні слова па-ангельску і мусіла зарабляць на жыцьцё цяжкай працай, але, паводле ейных словаў, тысячы кілямэтраў, што аддзялялі яе ад віжоў, варанкоў і начных стрэлаў у Курапатах, былі больш чым дастатковаю кампэнсацыяй.
Напэўна, я не сустракаў чалавека, які ўмеў бы мацней за спадарыню Яніну любіць жыцьцё й цаніць яго вялікія й маленькія радасьці.
Яна мела багатае рамантычнае мінулае.
Яна сябравала з Натальляй Арсеньневай.
Яна любіла падарожнічаць і ўжо на дзясятым дзясятку наведала праскую кавярню “Чартоўка”, пра якую вычытала ў маёй кнізе.
Яе кватэрка ў Іст-Вілідж здавалася музэем, а бібліятэка складалася з суцэльных рарытэтаў, зь якіх мне засталіся на памяць выдадзеныя ў 1950-м у Парыжы ўспаміны Івана Буніна.
Яна добра малявала і рабіла ілюстрацыі да некалькіх беларускіх кніжак. Найлепей у яе атрымліваліся вядзьмаркі — спакусьліва-прыгожыя і, напэўна, добрыя — такія, да якіх належала яна сама.
Данчык, які без улюбёнай бабулі, відаць, быў бы зусім ня тым, кім мы яго ведаем і любім, пісаў, што візытоўкаю яе незалежнай і шчодрай душы заўсёды была ўсьмешка. Што яна ніколі ня мела даўгоў. Што пагарджала алькаголем і тытунём, бо — хоць зусім не была пурытанкай — лічыла, што яны пазбаўляюць чалавека свабоды. Што ў апошнія гады любіла глядзець містычны трылер “Зялёная міля”.
На сваё 90-годзьдзе ў 1999-м яна вальсавала ў сьвяточна-прыцемнай рэстараннай залі. Сотні прысутных сяброў і родных верылася, што ў 100 гадоў яна гэтаксама закружыцца ў танцы — па-птушынаму лёгкая, элегантная, бездакорна апранутая.
Учора споўніўся год, як Яніна Каханоўская пакінула нас.
Я чакаю кнігу, якую напіша пра сваю бабулю Данчык.