Дэпутат Бундэстагу занепакоены лёсам Аляксандра Казуліна

Радыё Свабода Палітычны каардынатар найбуйнейшай у Бундэстагу апазыцыйнай фракцыі вольных дэмакратаў Гаральд Ляйбрэхт зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра юстыцыі ФРН Брыгітэ Цыпрыес. Вядомы палітык заклікаў фэдэральнага міністра ўважліва паставіцца да лёсу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, якога 6 ліпеня чакае адкрыты судовы працэс з-за нібыта падбухторваньня дэманстрантаў да штурму менскай турмы.
Гаральд Ляйбрэхт, які ў гэты час сам знаходзіўся ў Менску і назіраў за падзеямі, заяўляе, што мэты дэманстрацыі былі выключна мірныя, а яе разгон — брутальны. Паводле нямецкага палітыка, арышт Казуліна і іншых крытыкаў рэжыму незаконны.

Нямецкі палітык просіць фэдэральнага міністра юстыцыі заступіцца за Аляксандра Казуліна, а таксама паўплываць на беларускі ўрад, каб той забясьпечыў справядлівы суд.

Як піша ў сваім звароце Гаральд Ляйбрэхт, неабходна, каб “нямецкія назіральнікі ды назіральнікі АБСЭ змаглі прысутнічаць на судовым працэсе і пракантраляваць ягоную законнасьць”.