Чаму ў сьвеце расьце папулярнасьць інтэрнэт-тэлебачаньня?

Валер Каліноўскі, Прага Імклівы рост наведваньня відэасайтаў у Інтэрнэце, на думку аналітыкаў, можа паставіць пад пагрозу існаваньне тэлебачаньня ў тым выглядзе, да якога мы ўсе звыклі. На замену яму можа прыйсьці інтэрнэт-тэлебачаньне, якое ўжо цяпер стала пэрспэктыўным сродкам масавай інфармацыі і моцнай забаўляльнай індустрыяй. Ужо цяпер сотні мільёнаў людзей, якія карыстаюцца Інтэрнэтам, аддаюць перавагу каналам (ці – правільней – сайтам) інтэрнэт-ТБ. У чым яго перавагі?
Я зацікавіўся вельмі папулярным у ЗША сайтам YouTube.com, які мае больш за 70 мільёнаў наведнікаў штодня і на якім разьмешчаныя тысячы і тысячы відэакліпаў, фільмаў, запісаў спартовых спаборніцтваў і шмат іншага. Каб паглядзець у любы зручны вам час патрэбную перадачу, дастаткова клікнуць кампутарнай мышкай.

Практычна ў інтэрнэт-тэлебачаньні можна ўбачыць усё што заўгодна, і пры гэтым ваш прагляд ня будзе перапыняцца рэклямай непатрэбных тавараў і анонсамі перадач, што часам так дакучае тэлегледачам.

Інтэрнэт-ТБ зьяўляецца інтэрактыўным: кожны можа даслаць на яго свае відэакліпы. Паводле падлікаў адмыслоўцаў, штодня такім чынам загружаюцца сотні тысяч кліпаў, вялікая частка зь якіх, зразумела, не адпавядае патрабавальным крытэрам якасьці.

Але выбар за гледачамі, якія не заўсёды патрабуюць якасны відэашэраг і гук, але хочуць паглядзець нешта прыкольнае. Часам такія сюжэты праглядаюць мільёны карыстальнікаў Інтэрнэту, і такім чынам зьяўляюцца зоркі інтэрнэт-тэлебачаньня.

Абсалютная большасьць аўдыторыі YouTube.com – моладзь у веку ад 18 да 24 гадоў з ангельскамоўных краін, якія знаходзяць там шмат цікавага для сябе. Паводле брытанскай газэты “Financial Times”, рэклямныя кампаніі ўжо вылічылі, што аўдыторыя YouTube.com большая, чым у знакамітага музычнага каналу MTV. Аднак інтэрнэт-тэлебачаньне з посьпехам выкарыстоўваюць і ў палітычных мэтах – палітычныя дзеячы з усяго сьвету выкарыстоўваюць магчымасьць разьмясьціць у інтэрнэт-тэлебачаньні свае сюжэты. Як лічаць адмыслоўцы, патэнцыйна інтэрнэт-ТБ можа стаць найважнейшым мэдыя-сродкам.

На YouTube.com нямала сюжэтаў пра Беларусь. Знайсьці іх лёгка: трэба ў акенца пошуку ўставіць слова Беларусь. Я знайшоў на YouTube.com шмат сюжэтаў пра ўдзел беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах, выступы Паліны Смолавай і Анжалікі Агурбаш на “Эўрабачаньні”, песьню пераможцы дзіцячага “Эўрабачаньня” Ксеніі Сітнік, а таксама здымкі разгону дэманстрацыі 25 сакавіка 2006 году ў Менску, песьню “Слухай бацьку”, знакамітыя палітычныя мультфільмы пра Аляксандра Лукашэнку і шмат-шмат іншых сюжэтаў. Падчас сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі адзін зь міжнародных назіральнікаў зафіксаваў на камэру і разьмясьціў на YouTube.com здымкі фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня, калі назіральнікі выявілі, што шмат бюлетэняў супраць усіх і за іншых кандыдатаў было перакладзена ў стос бюлетэняў за Аляксандра Лукашэнку. Гэтае дакумэнтальнае сьведчаньне ўжо здолелі паглядзець 9000 чалавек.