Што азначае прызначэньне Басаева віцэ-прэм''ерам падпольнага ўраду Чачэніі?

Радыё Свабода Сёньня зьявілася інфармацыя, што новым віцэ-прэзыдэнтам падпольнага, непрызнанага ўраду Чачэніі стаў вядомы палявы камандзір Шаміль Басаеў. Нагадаем, што Басаеў мае дачыненьне да шэрагу тэрарыстычных нападаў, у прыватнасьці, да захопу школы ў Бэслане ў 2004 годзе, ён унесены ў сьпіс міжнародных тэрарыстаў камітэта па барацьбе з тэрарызмам ААН. Што азначае гэтае прызначэньне, якая наагул сытуацыя ў Чачэніі? Камэнтуе Юры Дракахруст:
(Дракахруст: ) "Я хачу нагадаць, што 17 чэрвеня ў выніку апэрацыі расейскіх спэцаддзелаў быў забіты Абдул-Хакім Садулаеў, які быў пераемнікам Аслана Масхадава на пасадзе прэзыдэнта падпольнага ўраду Чачні. Гэтую пасаду заняў вядомы палявы камандзір Доку Ўмараў.

Днямі Ўмараў выступіў з вельмі важнай заявай. Ён сказаў, што дзеяньні сілаў чачэнскага супраціву будуць распаўсюджаныя на шэраг рэгіёнаў Расеі. Умараў казаў пра 6 франтоў змаганьня – чатыры ў Чачні, адзін – у Дагестане, яшчэ адзін – на астатнім Паўночным Каўказе. Але ў заяве новага афіцыйнага лідэра супраціву прагучала, што зараз атакі будуць скіраваныя выключна на ваенныя і паліцэйскія аб’екты, мірнае насельніцтва ня будзе аб’ектам нападаў.

Гэта – новы акцэнт у заявах лідэраў супраціву: гледзячы па ўсім, яны хочуць пазбавіцца ад вобраза тэрарыстаў, якія забіваюць нявінных бяззбройных людзей.

Аднак прызначэньне, зробленае Ўмаравым учора, супярэчыць гэтай новай палітыцы – Умараў прызначыў сваім намесьнікам Шаміля Басаева, які атрымаў сумную славу брутальнымі дзеяньнямі якраз супраць мірнага насельніцтва, ён адзін зь лідэраў чачэнскага супраціву, які прызнаны тэрарыстам ня толькі Расеяй, але і міжнароднай супольнасьцю".

(Вядоўца: ) "Юры, і што гавораць экспэрты наконт гэтага прызначэньня? Якога характару дзеяньняў супраціву можна чакаць, зыходзячы зь яго?"

(Дракахруст: ) "Экспэрты разыходзяцца ў ацэнках гэтага прызначэньня. На думку адных, прызначэньне Басаева – сьведчаньне ягонага ўплыву ў супраціве і таго, што ў супраціве маецца шмат цэнтраў прыняцьця рашэньняў. Заходзячы з гэтага тлумачэньня, заява Ўмарава пра спыненьне нападаў на цывільных асобаў важыць няшмат, калі ён вымушаны прызначаць на другую пасаду асобу, якая ніколі не прытрымлівалася гэтага прынцыпу. Паводле ацэнак іншых экспэртаў, прызначэньне Басаева азначае, што ён усё ж пагадзіўся з новай палітыкай, абвешчанай новым лідэрам супраціву".

(Вядоўца: ) "Юры, а якая наагул зараз палітычная і ваенная сытуацыя ў Чачні?"

(Дракахруст: ) "Што тычыцца агульнай сытуацыі ў Чачні, то яна вонкава спакойная, няма маштабных баёў і нападаў, адбываюцца, так бы мовіць, “кропкавыя” сутыкненьні, абстрэлы, напады на ваенныя калёны і блёк-пасты. У значнай ступені расейскім уладам удалося “чачэнізаваць” канфлікт – з байцамі супраціву змагаюцца чачэнцы, байцы злучэньняў Рамазана Кадырава, якія зараз увайшлі ў структуры МУС і міністэрства абароны рэспублікі. Улада афіцыйнага кіраўніка Чачні Алу Алханава стала фактычна намінальнай, рэальнымі рычагамі кіраваньня, у першую чаргу – кіраваньня сілавымі структурамі, валодае Рамазан Кадыраў – прэм''ер-міністар Чачні, сын забітага прэзыдэнта Ахмада Кадырава.

Экспэрты адзначаюць, што вялікая колькасьць расейскіх войскаў, якія застаюцца ў Чачні, наяўнасьць чачэнскіх антыпаўстанцкіх злучэньняў прывялі да таго, што ў рэспубліцы назіраецца вонкавы спакой. Але канфлікт мае тэндэнцыю распаўзацца па іншых рэспубліках рэгіёну, нездарма Ўмараў казаў пра два франты на Паўночным Каўказе".