Генэральны пракурор Міклашэвіч ня лічыць справу Казуліна палітычнай

Алег Грузьдзіловіч, Менск Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч распавёў пра расьсьледаваньне гучных крымінальных справаў, у тым ліку справу былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна й былога дырэктара аб’яднаньня “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага.
Былы гендырэктар “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі вярнуў у бюджэт 1 мільён 250 тысяч даляраў, і таму яго да суду адпусьцілі з-пад варты пад хатні арышт, паведаміў 26 чэрвеня па прэсавай канфэрэнцыі генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч. Затое экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які абвінавачваецца ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў, да суду мусіць знаходзіцца за кратамі, мяркуе Пётар Міклашэвіч.

(Міклашэвіч: ) “Было прызнана, што недастаткова падставаў для зьмены меры стрыманьня. Цяпер справа перададзеная у суд, і ўжо суд мае права вырашаць пытаньне аб зьмене меры стрыманьня”.

Аляксандар Казулін раней даслаў у пракуратуру й мэдыі адкрыты ліст да генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча. У тым ліку экс-кандыдат на прэзыдэнта пісаў пра тое, што пракуратура не спыняе крымінальнага перасьледу яго з боку сьледчых і міліцыі. Між тым, палітык лічыць, што яму помсьцяць за крытыку дзейнай улады падчас выбарчай кампаніі. Пётар Міклашэвіч не паведаміў, ці адказаў ён на ліст Аляксандра Казуліна. Але, паводле генэральнага пракурора, такі ліст пракуратура Беларусі сапраўды атрымала.

(Міклашэвіч: ) “Такім чынам, ліст у нас знаходзіцца на стадыі праверкі”.

У Пятра Міклашэвіча журналісты пыталіся таксама пра вынікі расьсьледаваньняў справаў зьніклых апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Паводле генэральнага пракурора, “гэтыя справы не закрытыя”. Між тым, Мікалашэвіч сказаў, што “ніякіх падрабязнасьцяў ці лічбаў” паводле гэтых справаў паведаміць ня можа.

Асноўную увагу, паводле Пятра Міклашэвіча, супрацоўнікі пракуратуры цяпер надаюць барацьбе з крадзяжамі й карупцыяй. Сёлета колькасьць чыноўнікаў, якіх злавілі на хабары, паменшала на сто, але павысіліся сумы хабару. Рэкордна вялікі хабар (болей за 1 мільён даляраў) быў выяўлены ў Менску за выдзяленьне зямельнага ўчастку пад будаўніцтва элітнага дому.