На Мядзельшчыне зьявілася Салідарнасьць

Алесь Дашчынскі, Менск У Мядзелі адбыўся арганізацыйны Кангрэс Салідарнасьці Мядзельскага рэгіёна. Актывісты прынялі звод правілаў Салідарнасьці Мядзельшчыны, а таксама праграму “Мы разам”.
Ідэю падтрымала Мядзельская раённая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Мэта новай ініцыятывы –аб’яднаньні беспартыйных прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Актывісты плянуюць таксама штомесяц зьбірацца на кангрэсы. Паводле каардынатара Салідарнасьці Мядзельскага рэгіёну, старшыні мясцовай арганізацыі АГП Андрэя Абалевіча, ставіцца задача распаўсюдзіць інфармацыйны матэрыял і знайсьці актыўных грамадзянаў, якія жадаюць працаваць на дэмакратычны рух. Цягам месяца мяркуецца сабраць каля пяцідзесяці актывістаў. Каго ж аб’яднала Салідарнасьць?

(Абалевіч: ) “Гэта ўсе актывісты АГП дакладна, а таксама звычайныя людзі, якія не змаглі ўдзельнічаць у працы АГП, зь нейкіх прычынаў яны не жадаюць уступаць у партыю. Але ж яны жадалі б працаваць у нейкай такой сыстэме. І іхнай ініцыятывай была вось такая Салідарнасьць”.

На пытаньне, ці будзе працаваць Салідарнасьць у рамках аб’яднанай апазыцыі, спадар Абалевіч адказаў:

(Абалевіч: ) “Людзі пабачылі, што атрымліваецца цяпер у нас у дэмакратычным руху, ім ня вельмі падабаюцца нейкія там незразумелыя рухі моладзі — кожны робіць то галадоўкі, то яшчэ нешта. А ўсё гэта ідзе нейкім незразумелым хаосам. Людзі патрабуюць дзеяньняў канкрэтных па праграме, якія б маглі зрушыць людзей у раёне. Таму мы зрабілі гэтую праграму, зрабілі Салідарнасьць, у якой будзе канкрэтная мэта — падняць да пачатку наступнага лета каля 800-1000 чалавек Мядзельшчыны, якія б актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за дэмакратыю і перамены ў краіне”.

Як будзе працаваць Салідарнасьць? Ці будзе гэта нейкай паралельнай кампаніяй ці структурай адносна аб’яднанай апазыцыі? Пытаньне да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) “Не, гэта ініцыятыва зьнізу і фармаваньне кааліцыі на ўзроўні рэгіёну. Пасьля таго, як скончылася выбарчая кампанія, дзе-нідзе ў рэгіёнах такая падвышаная актыўнасьць, зьяўляюцца новыя людзі, новыя суб’екты. І іх нейкім чынам трэба ўключаць у супольную дзейнасьць. І лепш за ўсё гэта зрабіць праз такія парасонавыя ініцыятывы на ўзроўні рэгіёнаў. Хутчэй за ўсё, гэта будзе спрацоўваць на выбарчую кампанію ў мясцовыя саветы. Я думаю, праз такі фармат мясцовых кааліцыяў, якая ўключае арганізаваныя суб’екты і проста актыўных людзей можна лепш падрыхтавацца да мясцовых выбараў і праводзіць сумесныя кампаніі”.