Нягледзячы на выбухі, беларусы не адмаўляюцца ад адпачынку ў Турцыі

Ганна Соўсь, Менск Тры грамадзянкі Беларусі былі параненыя ў выніку выбуху ў нядзелю ў курортным горадзе Манаўгат бліз турэцкай Анталіі. Адной зь беларусак ампутавалі нагу, і цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі. Стан дзьвюх другіх пацярпелых дзяўчынаў, паводле лекараў, здавальняючы, яны параненыя асколкамі. Тым ня менш, як сьведчаць беларускія турапэратары і спэцыялісты ў сфэры турызму, выбух у Турцыі істотна не паўплывае на колькасьць турыстаў, якія едуць у гэтую краіну на адпачынак.
Падрабязнасьці трагічнага здарэньня на анталійскім узьбярэжжы Турцыі распавёў для Радыё Свабода консул Беларусі ў Турцыі Павал Юркоўскі:

(Юркоўскі: ) “У выніку выбуху, які меў месца ўчора ўвечары, пацярпелі тры грамадзянкі Беларусі, якім крыху болей за дваццаць гадоў. Цяпер яны знаходзяцца ў розных шпіталях Турцыі. Як толькі дазволяць лекары, яны вернуцца дадому. Мы падтрымліваем кантакт зь іх роднымі. Нашая інфармацыя наступная: гэта быў, вядома, выбух прыроднага газу, але ці гэта быў тэрарыстычны акт, ці няшчасны выпадак, сказаць цяжка. Тое, што кажуць турэцкія ўлады, гэты выбух прыроднага газу”.

Консул Беларусі ў Турцыі папрасіў не называць імёнаў пацярпелых беларусак дзеля захаваньня прыватнасьці.

У выніку выбуху загінулі чатыры чалавекі, гэта грамадзяне Нарвэгіі, Вугоршчыны й Турцыі, яшчэ адна загінулая жанчына пакуль неапазнаная. Дваццаць пяць чалавек былі параненыя.

Галоўны рэдактар газэты “Туризм и отдых” Сяргей Плыткевіч мяркуе, што трагічны інцыдэнт у Турцыі не паўплывае на колькасьць беларускіх турыстаў у гэтую краіну.

(Плыткевіч: ) “Што беларусы, што ўкраінцы, што расейцы, увогуле славяне, значна менш баяцца, чым тыя ж немцы і ангельцы. А паколькі такіх фактаў становіцца ўсё больш і больш, то людзі папросту да іх прызвычайваюцца. Фактычна такое можа здарыцца на сёньняшні момант у любым месцы. Тым больш, што пасьля такіх падзеяў звычайна зьніжаюцца цэны, а нашыя людзі думаюць, дзе і як адпачыць таньней”.

У тым, што колькасьць беларускіх турыстаў у Турцыю не паменшыцца, абсалютна ўпэўнены і дырэктар турыстычнай фірмы “АлатанТур” Аляксей Стрэльчанка. А паводле намесьніка міністра спорту і турызму Чэслава Шульгі, большасьць беларускіх турыстаў трымаецца армейскага прынцыпу, што “бомба двойчы ў адну варонку не трапляе”.

(Шульга: ) “Шкада, што так адбылося. Але мяркую, што колькасьць людзей, якія выяжджаюць зь Беларусі ў Турцыю, наўрад ці істотна зьменшыцца з той простай прычыны, што тут добрае спалучэньне кошту і якасьці, а таксама мінімум клопатаў у атрыманьні візы. Купіў пуцёўку нават за дзень, сеў і паляцеў…”

Спадарыня Кацярына заўтра вылятае зь дзьвюма дочкамі на адпачынак у турэцкія Кушадасы. Пра ўчорашні выбух яна ведае, але ўпэўненая, што зь ёй і яе сям’ёй у Турцыі нічога ня здарыцца.

(Кацярына: ) “Летась тое самае было. Мы там былі, і ў Кушадасах выбухнуў далмуш — маршрутнае таксі. Нам родныя дасылалі СМС, каб мы не выходзілі з гатэлю, але на нас гэта ня мела моцнага ўражаньня. Асабіста для мяне адпачынак там вельмі добры. Там, дзе я, праблемаў ня будзе. Я абсалютна ўпэўненая ў сваёй шчасьлівай зорцы”.

Выбух у Манаўгаце адбыўся 25 чэрвеня а 18-й гадзіне. Як перадае інфармацыйнае агенцтва “РИА-Новости”, лекары мясцовага шпіталю кажуць, што з характару атрыманых пацярпелымі глыбокіх, пранікальных, ірваных ранаў можна зрабіць выснову, што спрацавала выбуховая прылада з начынкай на паражэньне. А паводле афіцыйнай вэрсіі турэцкіх уладаў, выбух адбыўся з прычыны ўцечкі бытавога газу.

Беларускія грамадязне не ўпершыню становяцца ахвярамі выбухаў на адпачынку ў паўдзённых краінах. Сёлета ўвесну ў выніку выбуху ў Эгіпце загінуў беларус Аляксандар Шлык.

Адну з трох пацярпелых у выніку выбуху ў Турцыі дзяўчат заўтра выпішуць са шпіталю, і 30 чэрвеня яна плянуе вылецець у Беларусь.

Пра гэта са спасылкай на амбасаду Беларусі ў Турцыі перадае агенцтва БелТА. Другая дзяўчына атрымала больш сур’ёзныя раненьні й пакуль знаходзіцца ў шпіталі. Трэцяй дзяўчыне лекары ампутавалі нагу. Усе тры дзяўчыны жывуць у Магілёве. Як высьветлілася, ніводная зь іх ня мела мэдычнай страхоўкі. Цяпер беларуская амбасада прыкладае намаганьні, каб пацярпелыя ўсё ж атрымалі кампэнсацыю.