Якія вынікі самітаў у Менску?

Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску адбываюцца саміты Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы з удзелам прэзыдэнтаў Беларусі, Армэніі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Асноўныя тэмы форумаў — стварэньне Мытнага саюзу і Калектыўных сілаў хуткага рэагаваньня.
Адной з галоўных тэмаў саміту ЭўрАзЭс стала пытаньне фармаваньня Мытнага саюзу. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць тым, як ідзе фармаваньне Мытнага саюзу й прапанаваў выпрацаваць адзіны мытны тарыф.

(Лукашэнка: ) “Гэты працэс рухаецца ня так хутка, як нам хацелася б. І мы пра гэта шчыра й доўга гаварылі на паседжаньні ЭўрАзЭС у вузкім складзе. Нам трэба прыкласьці максымум намаганьняў, каб сёлета завершыць унутрыдзяржаўныя працэдуры для падрыхтоўкі падпісаньня дакумэнтаў аб стварэньні прававой базы Мытнага саюзу, а ў першай палове наступнага году іх падпісаць”.

Расея таксама выступае за найхутчэйшае стварэньне Мытнага саюзу, кажа прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

(Пуцін: ) “Найперш гутарка ідзе аб стварэньні адзінай мытнай прасторы з адзіным парадкам рэгуляваньня замежнагандлёвай дзейнасьці ў рамках фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы. Падкрэсьлю, Мытнаму саюзу мы надаем першаснае значэньне й скіраваныя на найхутчэйшае завяршэньне працэсу яго фармаваньня”.

Прэзыдэнт Расеі выказаўся таксама за больш шчыльнае супрацоўніцтва ЭўрАзЭС і АДКБ.

Яшчэ адной тэмай саміту ЭўрАзЭС стала ўступленьне яе сябраў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Сярод удзельнікаў ЭўрАзЭС ў яе ўваходзіць толькі Кыргызстан, чый прэзыдэнт Курманбек Бакіеў абяцаў краінам-удзельніцам дапамогу ў гэтым пытаньні. Аднак, паводле Аляксандра Лукашэнкі, поўнай згоды дзяржаваў у гэтым пытаньні няма. А лідэр Казахстану Нурсултан Назарбаеў прапанаваў стварыць Саюз краінаў ЭўрАзЭС, якія яшчэ не ўвайшлі ва ЎГА.

Плянавалася, што на саміце будзе прынятая канцэпцыя Міжнароднай дзейнасьці ЭўрАзЭС, аднак Міждзяржсавет арганізацыі даручыў дапрацаваць яе праект. Канкрэтным вынікам саміту можна назваць тое, што новым старшынём ЭўрАзЭС на год стаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Адпаведныя паўнамоцтвы яму перадаў Аляксандар Лукашэнка. А старшынёўства ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы было перададзенае Беларусі. Адбыўся і, так бы мовіць, абмен узнагародамі. Уладзімер Пуцін уручыў Лукашэнку ганаровую грамату ЭўрАзЭС за дасягненьні ў інтэграцыі, а беларускі кіраўнік узнагародзіў міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ордэнам Дружбы народаў.

У сувязі з правядзеньнем самітаў у Менску ўвялі надзвычайныя захады бясьпекі. Абмежаваны рух транспарту на цэнтральных вуліцах гораду, і з раніцы многія людзі некалькі гадзінаў дабіраліся да працы. На трасе ад аэрапорту да Нацыянальнай бібліятэкі, якой прыбывалі прэзыдэнты, апроч супрацоўнікаў міліцыі знаходзілася шмат супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. На высотных дамах ля Нацыянальнай бібліятэкі разьмешчаныя снайпэры, а ўладальнікаў крамаў ды іншых установаў у гэтым раёне папярэдзілі пра пэўныя абмежаваньні ў рэжыме працы.

У Эўразійскую эканамічную супольнасьць і Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы ўваходзяць Беларусь, Расея, Казахстан, Таджыкістан і Кіргізстан. У складзе АДКБ таксама Армэнія, а ў ЭўрАзЭС — Узбэкістан. Малдова, Украіна і Армэнія маюць статус назіральнікаў у ЭўрАзЭС.