Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня ў Кіеве адбыўся першы ўстаноўчы сход “аранжавай” кааліцыі ў парлямэнце, якую пасьля працяглых перамоваў склалі Блёк Юліі Цімашэнкі, прапрэзыдэнцкі блёк “Наша Ўкраіна” ды Сацыялістычная партыя. Украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка зьбіраецца ў панядзелак падаць Вярхоўнай Радзе кандыдатуру Юліі Цімашэнкі для зацьверджаньня яе на пасаду прэм’ер-міністра.
Сёньня кіраўнік сакратарыяту ўкраінскага прэзыдэнта Алег Рыбачук паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што ў панядзелак прэзыдэнт Віктар Юшчанка падасьць парлямэнту кандыдатуру на пасаду прэм’ера, і гэта будзе Юлія Цімашэнка. Нагадаю, што летась у верасьні ён звольніў яе з гэтай пасады пасьля 7 месяцаў працы й карупцыйнага скандалу.
Спадарыня Цімашэнка са сваім блёкам ішла на сёлетнія парлямэнцкія выбары зь лёзунгам “усенародныя выбары прэм’ер-міністра” – і нарэшце дамаглася свайго. Але выбары прайшлі 27 сакавіка, і для фармаваньня кааліцыі ўкраінскім парлямэнтарам спатрэбілася два месяцы.
Існавала рэальная мажлівасьць стварэньня кааліцыі паміж апазыцыйнай прэзыдэнту Юшчанку Партыяй рэгіёнаў на чале зь ягоным галоўным супернікам Віктарам Януковічам, фракцыя якога найбольшая ў Вярхоўнай Радзе, і прапрэзыдэнцкім блёкам “Наша Ўкраіна”, які меў на выбарах 3-е месца. Аднак урэшце кааліцыю сфармавалі тыя партыі, якія занялі з другога па чацьвёртае месца – Блёк Юліі Цімашэнкі, “Наша Ўкраіна” ды Сацыялістычная партыя.
Тым ня менш, і сёньня на сустрэчы з лідэрамі гэтых трох “аранжавых” партыяў прэзыдэнт Віктар Юшчанка абвясьціў, што на наступным тыдні будзе шукаць узаемаразуменьне паміж новай большасьцю ды апазыцыяй, і заклікаў аддаць апазыцыянэрам частку пасадаў у камітэтах Вярхоўнай Рады. А вось ва ўрад Украіны Партыю рэгіёнаў ня пусьцяць. Паводле кааліцыйнай дамовы аб’ёмам каля 100 старонак, вызначаная праграма дзейнасьці й падзеленыя пасады. Бальшыню міністэрскіх партфэляў атрымае Блёк Юліі Цімашэнкі, перадусім сілавыя міністэрствы адыдуць “Нашай Украіне”, а сацыяльныя – Сацыялістычная партыі.
Спадарыня Цімашэнка таксама сказала, што вельмі хутка правядзе конкурс на пасаду кіраўніка кампаніі “Нафтагаз Украіны”. Яна шмат разоў называла злачынствам цяперашнія газавыя дамоўленасьці з Расеяй і зноў пацьвердзіла, што на пасадзе прэм’ера будзе патрабаваць іх перагляду ды “глыбокай рэвізіі”. Цяпер Расея прадае Ўкраіне газ фармальна па 230 даляраў за тысячу кубамэтраў, аднак Кіеў фактычна плаціць менш як па 100 даляраў. Гэтаму спрыяе цьмяны пасярэднік – фірма “РосУкрЭнэрга”, якая нібыта купляе танны газ у Туркмэніі ды зьмешвае яго з дарагім расейскім газам. Юлія Цімашэнка заявіла, што трэба будаваць “сяброўскія адносіны з Расеяй, Туркмэністанам, Казахстанам і Ўзбэкістанам наўпрост”.
Галоўнай інтрыгай застаецца тое, хто стане сьпікерам Вярхоўнай Рады. На мінулым тыдні “аранжавая” кааліцыя ледзь не сарвалася, бо ім хацеў стаць лідэр найменшай у кааліцыі Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз. Пасьля таго, як перамовы спыніліся, ён адмовіўся ад гэтых прэтэнзіяў, а пасада сьпікера дасталася “Нашай Украіне”. Чакалася, што гэты партфэль аддадуць цяперашняму прэм’ер-міністру й першаму нумару ў сьпісе “Нашай Украіны” Юрыю Еханураву, але той адмовіўся. І цяпер галоўным прэтэндэнтам на крэсла старшыні Вярхоўнай Рады зьяўляецца Пятро Парашэнка, былы сакратар рады бясьпекі Ўкраіны ды асноўны апанэнт Юліі Цімашэнкі.
Але на сёньняшнім устаноўчым сходзе “аранжавай” кааліцыі адбылося нешта амаль неверагоднае. Спадарыня Цімашэнка заявіла: “Мы павінны выбачыцца адзін перад адным, і я пачынаю зь сябе”. Пасьля гэтых словаў дэпутат-сацыяліст заклікаў спадара Парашэнку: “Пеця, і ты ёй прабач”. У адказ на гэта Пятро Парашэнка памахаў рукою спадарыні Цімашэнцы, а тая паслала яму паветраны пацалунак. Сьведкі, што былі на гэтым закрытым паседжаньні дэпутатаў, клянуцца, што ў залі пачалі скандаваць “Горка!”